Вядомага беларускага святара вышуквае міліцыя
- 27.05.2026, 9:15
- 1,758
З-за «экстрэмізму».
Праваслаўнага святара Уселенскага патрыярхату Юрыя (Георгія) Роя абвясцілі ў вышук у Беларусі. Пра гэта ён сам расказаў у Facebook.
«Аказваецца, я зараз па ўсёй Беларусі на стэндах «Их разыскивает милиция».
Вось яна — слава! Святар-крымінальнік! Да, жыццё непрадказальная з’ява…» — напісаў Рой.
Юрый Вячаслававіч Рой, 1978 года нараджэння, знаходзіцца ў вышуку і ў Расіі, паводле звестак «Медыязоны».
Беларускія сілавікі лічаць, што Рой «учыніў злачынствы, прадугледжаныя ч. 1, 2 арт. 361−4 КК, і схаваўся». Ідзе пра «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці», пакаранні па названых частках артыкула — ад «хіміі» да шасці гадоў пазбаўлення волі.
Падобныя сітуацыі з вышукам звычайна заканчваюцца спецвытворчасцю і завочным прысудам.
Нагадаем, протаіерэй Георгій Рой у жніўні 2020 года адкрыта выступаў супраць гвалту. Яшчэ да выбараў ён падчас адной з набажэнстваў звярнуўся да прыхаджан і нагадаў ім, што ў Бібліі напісана: бацька хлусні — д’ябал, і заклікаў вернікаў ніколі не далучацца да яе, «дзе б яна ні праяўлялася». У ліпені 2021 года яго вызвалілі ад пасады настаяцеля Пакроўскага сабора ў Гродне.
Пазней Георгій Рой выехаў з Беларусі, а ў 2023 годзе разам з іншым святаром Аляксандрам Кухтам перайшоў ва Уселенскі Патрыярхат. Абодва жывуць у Літве.