Тэгеран атакаваў амерыканскую базу ў Кувейце
- 28.05.2026, 8:23
- 1,844
Пасля новага ўдару ЗША па іранскай пускавой устаноўцы.
Уначы 28 мая амерыканскія войскі нанеслі новыя ўдары па Іране, паразіўшы аб’ект у раёне Армузскага праліва, які ўяўляў пагрозу для вайскоўцаў ЗША і камерцыйнага транспарту. Пра гэта паведамляюць Reuters і CNN са спасылкай на прадстаўніка адміністрацыі. Паводле звестак крыніцы, войскі збілі чатыры іранскія ўдарныя беспілотнікі і нанеслі ўдар па наземнай станцыі кіравання ў партавым горадзе Бандар-Абас, адкуль рыхтаваўся запуск пятага БПЛА. «Гэтыя дзеянні былі ўзважанымі, выключна абарончымі і накіраванымі на падтрымку рэжыму спынення агню», — сказаў чыноўнік.
Пасля гэтага рана раніцай у чацвер армія Кувейта, на тэрыторыі якога размешчана амерыканская авіябаза, заявіла, што яе сістэмы супрацьпаветранай абароны перахопліваюць «варожыя» ракетныя і беспілотныя пагрозы. Вайскоўцы паведамілі, што гукі выбухаў з’яўляюцца вынікам перахопу снарадаў (кім яны выпушчаныя, не ўдакладняецца), і заклікалі грамадзян выконваць інструкцыі бяспекі. КВІР са свайго боку паведаміў, што а 4:50 па мясцовым часе нанёс удар па амерыканскай авіябазе — «як крыніцы атакі» на Бандар-Абас.
У ноч на 26 мая ЗША ўжо наносілі ўдары па двух катарах КВІР і ЗРК у Бандар-Абасе, паведамлялі ў Цэнтральным камандаванні ЗША (CENTCOM). Адзначалася, што атака была здзейсненая «ў мэтах самаабароны»: катары спрабавалі ўсталяваць міны ў Армузскім праліве, а ракетная ўстаноўка была нацэленая на амерыканскія ваенныя самалёты. У Тэгеране гэты крок палічылі парушэннем красавіцкага пагаднення аб спыненні агню.
У сераду прэзідэнт Дональд Трамп абверг паведамленні іранскіх дзяржаўных СМІ пра тое, што Іран і Аман будуць сумесна кіраваць суднаходствам праз Армузскі праліў у межах патэнцыйнага мірнага пагаднення. Трамп заявіў, што гэты водны шлях застанецца адкрытым.