«Эфект Далінай» па-беларуску: пенсіянерка сцвярджала, што не прадавала свой дом з зямельным участкам 20 гадоў таму
2- 28.05.2026, 15:18
- 2,554
Спатрэбілася экспертыза подпісу.
Пенсіянерка сцвярджала, што не прадавала свой дом з зямельным участкам у 2008 годзе і не ставіла подпісу на дагаворы. Унук вырашыў разабрацца. Да чаго гэта прывяло, расказалі ў упраўленні Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз па Брэсцкай вобласці.
Унук пачуў ад 86-гадовай бабулі, што яна пазбавілася дома і зямельнага ўчастка ў выніку незаконнага пераафармлення маёмасці. Ён звярнуўся ў сілавыя органы, тыя правялі праверку.
Высветлілася, што пенсіянерка ў 2008 годзе заключыла дагавор куплі-продажу. Аднак цяпер сцвярджае, што дагавор яна не афармляла, подпіс у дакуменце не яе, а некага іншага. Для вырашэння спрэчнага пытання прызначылі почырказнаўчую экспертызу. Яна паказала, што подпісы і запісы ў дагаворы выкананыя пенсіянеркай.
«Як высветлілася, жанчына на дадзены момант мае шэраг захворванняў, якія спрыяюць парушэнню кагнітыўных функцый. Пра тое, што васямнаццаць гадоў таму ўчастак з домам быў прададзены, яна забылася», — паведамілі ў УГКСЭ.
Эксперты нагадалі, што для здзяйснення юрыдычна значных дзеянняў асобам сталага ўзросту рэкамендуецца прайсці экспертызу на здзелказдольнасць. Дадзеная працэдура дазволіць не дапусціць прызнання здзелкі несапраўднай у будучыні і абароніць інтарэсы як прадаўца, так і пакупніка.
Раней у сацсетках шырока вядомым стаў «эфект Далінай». Усё пачалося пасля таго, як у 2024 годзе спявачка аддала тэлефонным махлярам больш за 300 мільёнаў расійскіх рублёў (звыш 3 млн долараў) — у тым ліку грошы ад продажу пяціпакаёвай кватэры ў Маскве. Зразумеўшы, што яе падманулі, Даліна звярнулася ў суд і выйграла яго. У выніку кватэру ёй вярнулі. А пакупніцы, якая засталася без кватэры, прапанавалі спрабаваць вярнуць грошы ў махляроў.
Расейцаў абурыў учынак Даліны, якая пакінула пакупніцу яе кватэры і без жылля, і без грошай. Гледачы пачалі масава здаваць білеты на канцэрты артысткі.