Кіраўніка падраздзялення алкагольнага завода асудзілі за хабар
1- 28.05.2026, 22:17
Што вырашыў суд.
Суд Валожынскага раёна вынес прысуд 55-гадоваму кіраўніку структурнага падраздзялення прадпрыемства па вытворчасці алкагольнай прадукцыі. Мужчыну прызналі вінаватым у атрыманні хабара, — паведамілі ў прэс-службе пракуратуры.
Як устанавіла слядзтва, восенню 2025 года ён дамовіўся з дырэктарам будаўнічай кампаніі пра грашовае ўзнагароджанне за дапамогу ў заключэнні дагавора падраду. Ішла гаворка пра рамонт падлог на тэрыторыі завода.
Паводле версіі абвінавачвання, кіраўнік паабяцаў садзейнічаць выбару канкрэтнай фірмы ў якасці падрадчыка, а таксама забяспечыць падпісанне актаў выкананых работ і своечасовую аплату.
22 студзеня 2026 года мужчына падпісаў дакументы па выкананых работах за студзень і перадаў іх дырэктару будаўнічай арганізацыі. У адказ атрымаў больш за 3,6 тысячы рублёў. Грошы ён паклаў у кішэню курткі, нават не пералічваючы.
Адразу пасля перадачы хабара фігуранта затрымалі супрацоўнікі праваахоўных органаў — гэта адбылося па дарозе ад аўтамабіля да прахаднай завода.
У судзе абвінавачаны поўнасцю прызнаў віну.
Суд прыгаварыў мужчыну да аднаго года пазбаўлення волі, а таксама прызначыў штраф у памеры 300 базавых велічынь — 13,5 тысячы рублёў. Акрамя таго, яму забаранілі на працягу пяці гадоў займаць кіраўнічыя пасады, звязаныя з адміністрацыйнымі і гаспадарчымі функцыямі.
Да вынясення прысуду абвінавачаны знаходзіўся на волі пад закладам, аднак пасля абвяшчэння рашэння яго ўзялі пад варту проста ў зале суда.
Прысуд не ўступіў у законную сілу і можа быць абскарджаны.