У Украіну з боку Беларусі заляцеў паветраны шар
1- 3.05.2026, 17:08
РФ выкарыстала яго для ўзмацнення сігналу сваіх беспілотнікаў.
Увечары 2 мая ўкраінскія вайскоўцы заўважылі, як з боку Беларусі мяжу перасёк паветраны шар. Спікер Дзяржаўнай памежнай службы Украіны Андрэй Дземчанка заявіў, што гэты аб'ект расійскія вайскоўцы выкарыстоўвалі ў якасці рэтранслятара сігналу, піша «Украінская праўда».
Паводле слоў Андрэя Дземчанкі, спачатку памежнікі проста зафіксавалі пэўную паветраную цэль, але пазней зразумелі, што гэта паветраны шар. У ведамстве лічаць, што расійская армія выкарыстоўвала яго для ўзмацнення сігналу сваіх беспілотнікаў і іншых сродкаў паражэння, якімі яна рэгулярна абстрэльвае тэрыторыю Украіны.
«Пагроза з боку Беларусі ніколі не знікае… Не магу цяпер адкрыта раскрываць усё, але можам чакаць або можам рыхтавацца да таго, што будуць спробы дэстабілізаваць сітуацыю па накірунку нашай мяжы, не выключаем правакацый», — заявіў Дземчанка.
Размовы пра інцыдэнт з паветраным шарам пачаліся адразу пасля таго, як удзень 2 мая Уладзімір Зяленскі ўзгадаў пэўную «спецыфічную актыўнасць» на беларуска-ўкраінскай мяжы. Ён запэўніў, што Кіеў уважліва сочыць за тым, што адбываецца, і гатовы адрэагаваць, калі нехта паспрабуе ўцягнуць Мінск у агрэсіўныя дзеянні супраць Украіны.