У Гомелі пасажыр узяў у закладнікі таксіста і абвінаваціў у працы на спецслужбы
1- 3.05.2026, 19:17
- 2,184
Што было далей.
Незвычайны інцыдэнт адбыўся ў Гомелі: таксіст правёў моцна п'янага пасажыра прама ў дом, але той раптам зачыніў дзверы, адмовіўся выпускаць таксіста і пачаў пагражаць яму нажом. Чым усё скончылася, расказалі ў гарадской пракуратуры, перадае мясцовае выданне «Белка».
У той дзень гамяльчанін святкаваў дзень нараджэння брата і пад канец вечарынкі ледзь трымаўся на нагах. Родныя пасадзілі яго ў таксі і далі таксісту адрас у прыватным сектары.
Прыехаўшы, пасажыр разлічыўся, але выйсці з машыны не мог. Таксіст дапамог яму і правёў прама ў дом. Раптам гаспадар стаў агрэсіўным, зачыніў уваходныя дзверы з таксістам унутры і пачаў абвінавачваць яго ў працы на спецслужбы — маўляў, яго падслалі для сачэння за ім.
Гамяльчанін пагражаў закладніку нажом і ў нейкі момант прымусіў таго патэлефанаваць бацьку, якому таксама пачаў пагражаць проста па тэлефоне. Аднак бацька хутка зарыентаваўся і адначасова патэлефанаваў у экстрэнныя службы. Там спецыялісты зразумелі сітуацыю і падказвалі мужчыне, што казаць агрэсару. Яго ўдалося адцягнуць, і таксіст змог уцячы.
Дэбашыр быў затрыманы. Суседзі далі паказанні, адзначыўшы, што гэта далёка не яго першая выхадка (праўда, першая з захопам людзей).
Супраць гамяльчаніна ўзбудзілі крымінальную справу па пагрозе забойствам, яму пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі. Справу перададзена ў суд.