Лукашэнка вярнуўся з космасу
4- 4.05.2026, 7:39
- 6,242
Па слядах гісторыі адной сеялкі.
Дзяржпрапаганда трэці дзень мільгае загалоўкамі пра «касмічны карабель» у айчынным трактарбудаванні.
У цені гэтай гісторыі застаўся сюжэт пра новую сеялку ад «Лідаграпраммаш», піша «Салідарнасць».
Знаёмячыся з навінкай, кіраўнік прама ў лоб задаў пытанне дырэктару лідскага прадпрыемства: «Ты скапіраваў ці, што называецца, зрабіў нешта падобнае?»
І адказ Эдуарда Шалля быў не менш шчыры: «Калі рабілі дванаццаціметровую, мы ўзялі за аснову Amazone. З таго часу мы зрабілі поўную лінейку: 6, 9 і вось гэтая — 15 метраў».
А далей кіраўніку распавялі пра характарыстыкі новай сеялкі, якія мала чым адрозніваюцца ад таго, што заходнія вытворцы серыйна выпускаюць ужо далёка не першы год.
Аднак у выпадку з сеялкай «Лідаграпраммаш», «узятай за аснову» ў нямецкага канцэрна Amazone, гэта падаюць як небывалы прарыў.
Праўда, наўрад ці гэта абставіна засмуціць Лукашэнку, які ў свой час адкрытым тэкстам заклікаў кіраўнікоў «Беллёгпрама» красьці лекалы на Захадзе.