7 траўня 2026, Чацвер, 18:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як Пашынян і армянскія ўлады выклікалі істэрыку ў лукашыстаў

9
Як Пашынян і армянскія ўлады выклікалі істэрыку ў лукашыстаў
Нікол Пашынян

Тырада МЗС — паказальная.

Падобна, што Беларусь ператварылася ў страшылку нават для ўмоўных саюзнікаў на постсавецкай прасторы. Адразу адзначым, што гаворка ў дадзеным выпадку пра Арменію, з якой у афіцыйнага Мінска даўно не ладзяцца адносіны. І ўсё ж — выпадак паказальны, піша «Салідарнасць».

Гаворачы пра спробы Масквы ўмяшацца ў будучыя парламенцкія выбары, спікер Нацыянальнага сходу Арменіі Ален Сіманян папярэдзіў: «Мы не дазволім ператварыць Арменію ў губерню. Мы не будзем кіравацца так, як кіруецца Беларусь».

І беларускаму МЗС гэта відавочна прыйшлося не даспадобы. Прэс-сакратар знешнепалітычнага ведамства Раман Варанкоў адказаў на гэтую фразу цэлай тырадай.

Пачаў ён з таго, што назваў заяву Сіманяна «перадвыбарчым папулізмам і роспачлівай спробай адцягнуць уласны электарат ад найцяжэйшых унутраных праблем».

Далей пайшлі папрокі ў навешванні ярлыкоў і пошуку «вонкавага ворага» на фоне «зашкальнай беднасці» і «стагнацыі цэлых рэгіёнаў».

Нагадаўшы, што «Беларусь — суверэнная дзяржава, якая самастойна вызначае фармат сваіх саюзніцкіх адносін з Расіяй» і нават «гардзіцца гэтым супрацоўніцтвам», Варанкоў прайшоўся па «наглядных выніках так званага збалансаванага празаходняга курсу афіцыйнага Ерэвану».

Паводле яго слоў, гэта і дэпапуляцыя, і хранічная эканамічная нестабільнасць, і поўная знешнепалітычная залежнасць, «што вымушае марыянетачна абслугоўваць чужыя саміты».

Не выключана, што менавіта гэты момант і выклікаў такую эмацыйную рэакцыю лукашэнкаўскай дыпламатыі. У гэтыя дні Ерэван прымае саміты, пра ўзровень якіх афіцыйнаму Мінску і марыць не выпадае, задавальняючыся настальгічнымі ўспамінамі пра рэдкі поспех дзесяцігадовай даўніны.

А яшчэ кідаецца ў вочы тое, як словы прадстаўніка МЗС бумерангам ляцяць назад, бязлітасна адлюстроўваючы агучаныя ім прэтэнзіі.

Так, Арменія — не самая багатая краіна. Але што будзе з беларускімі заробкамі, калі знікне магчымасць зарабляць на ваенных заказах з Расіі? Куды падзенуцца беларускія тавары, тры чвэрці якіх сёння ідуць на расійскі рынак?

Дэпапуляцыя сёння непакоіць далёка не адну Арменію. Але наўрад ці мы пачуем ад прэс-сакратара Варанкова пра сотні тысяч выгнаных з краіны па палітычных матывах беларусаў. Пра нараджальнасць, што ўпала ніжэй за пасляваенны ўзровень, пра вёску і малыя гарады, што на вачах выміраюць. І пра ролю ў гэтым усім цяперашняга рэжыму.

Вядома, крыўдна чуць, калі цябе называюць марыянеткай. Але хто ў гэтым вінаваты? Гэта дзякуючы Пашыняну Лукашэнка раз на месяц, як з роўнымі, сустракаецца з расійскімі губернатарамі?

З іншага боку, крыўду беларускага МЗС можна зразумець. Выбары ў Арменіі пройдуць, а васальная залежнасць Беларусі ад Крамля, якой яны так ганарацца, нікуды не дзенецца.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках