Ля «палаца Пуціна» ў Геленджыку пачаўся пажар
12- 5.05.2026, 21:28
- 15,996
Полымя ўспыхнула пасля абвяшчэння пагрозы атакі беспілотнікаў.
У раёне Геленджыка, непадалёк ад «палаца Пуціна», пасля абвяшчэння пагрозы атакі беспілотнікаў успыхнуў пажар. Узгаранне адбылося на аб’екце, размешчаным у моры, а кадры апублікавалі тэлеграм-каналы Exilenova+ і «Крымскі вецер». Да гэтага ў Геленджыку, паводле інфармацыі мясцовых уладаў, працавала сірэна сістэмы апавяшчэння, а маніторынгавыя каналы папярэджвалі пра магчымую атаку безэкіпажных катэраў.
Што менавіта загарэлася ў моры, пакуль не ўстаноўлена. ASTRA геалакавала апублікаваныя кадры і падлічыла: адлегласць ад аб’екта, што гарыць, да берага — каля 5 км, да «палаца Пуціна» — прыкладна 17,5 км.
Мінулым годам, у ноч на 28 жніўня, з-за падзення абломкаў збітага дрона ў Краснадарскім краі ўспыхнуў моцны лясны пажар, які тушылі чатыры дні. Паводле даных МНС Расіі, плошча ўзгарання тады склала 17 гектараў (170 тысяч квадратных метраў). Як удакладняла «Агенцтва», лес гарэў прыкладна за 10 км па прамой ад мыса Ідокопас — дзе і знаходзіцца «палац» Уладзіміра Пуціна.
«Палац Пуціна» — гэта збудаванне плошчай 17,7 тысячы квадратных метраў на чарнаморскім беразе, за 20 км ад Геленджыка. Паводле расследавання Аляксея Навальнага, у комплекс уваходзяць рэстаран, верталётная пляцоўка, лядовы палац, царква, амфітэатр, гасцявы дом, АЗС і 80-метровы мост. Унутры асноўнага будынка — басейн з аквадзіскатэкай, спа-цэнтр, саўны, турэцкія лазні, уласныя мяса-рыбны, агароднінны і дэсертавы цэхі, склад лячэбнай гразі, бібліятэка, музычная гасціная, кальянная, тэатр, кінатэатр, вінны склеп і нават казіно. Над тэрыторыяй усталяваная беспалётная зона, а прылеглыя 7 тысяч гектараў, паводле расследавання, належаць ФСБ. У фільме ФБК сцвярджалася, што на будаўніцтва выдаткавалі не менш за 100 млрд рублёў, а сам будынак з’яўляецца самым вялікім прыватным жылым домам у Расіі.