Расія зноў пагражае замежным пасольствам ва Украіне
- 7.05.2026, 5:36
- 1,226
У Маскве баяцца ўдзелу Украіны ў парадзе.
У Міністэрстве замежных спраў Расіі заявілі, што накіравалі дыпламатычным місіям і міжнародным арганізацыям ноту з заклікам эвакуяваць персанал з Кіева з-за нібыта намераў Украіны нанесці ўдар па Маскве ў «свяшчэннае для ўсіх расіян свята» — Дзень Перамогі ў «Вялікай Айчыннай вайне».
Пра гэта паведаміла прэс-сакратар МЗС РФ Марыя Захарава.
«МЗС Расіі настойліва заклікае... забяспечыць загадзя эвакуацыю персаналу дыпламатычных і іншых прадстаўніцтваў, а таксама грамадзян у сувязі з непазбежнасцю нанясення Узброенымі сіламі РФ удару па Кіеве», — гаворыцца ў ноце.
У заяве таксама адзначана, што магчымыя ўдары могуць быць накіраваныя, у прыватнасці, па «цэнтрах прыняцця рашэнняў».
У МЗС Расіі заявілі, што папярэджанне варта ўспрымаць «сур'ёзна», і абвінавацілі заходнія краіны ў падтрымцы Украіны.
«Мы не выступаем з пазіцыі агрэсіі, мы выступаем з пазіцыі непазбежнага адказу на агрэсію», — заявіла Захарава.