Кая Каллас: ЕС павінен патрабаваць ад РФ вываду войскаў з Прыднястроўя
1- 8.05.2026, 14:33
Фота: Getty Images
І сфарміраваць адзіны спіс патрабаванняў да Пуціна.
Еўрасаюз павінен запатрабаваць ад Расіі вываду ваеннага кантынгенту з Прыднястроўя ў выпадку магчымых перамоваў з Масквой. Пра гэта падчас візіту ў Кішынёў заявіла вярхоўная прадстаўніца ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Кая Каллас, перадае «Укрінформ».
Каментуючы магчымасць перамоваў з Масквой, яна адзначыла, што цяперашнія мірныя перамовы фактычна не даюць вынікаў. Паводле яе слоў, цяпер патрабаванні пераважна прад'яўляюць Украіне, а не Расіі.
«Перш чым мы будзем размаўляць з расіянамі, нам трэба дамовіцца пра тое, пра што мы хочам з імі размаўляць», — сказала Каллас.
Яна дадала, што яшчэ некалькі месяцаў таму прапанавала міністрам замежных спраў ЕС сфарміраваць пералік патрабаванняў да РФ.
Каллас адзначыла, што Расія ўжо выстаўляе Еўропе свае ўмовы, у прыватнасці адносна адмены санкцый. Менавіта гэтыя пытанні, паводле яе слоў, кіраўнікі МЗС краін ЕС плануюць абмеркаваць у канцы мая.