Мадзяр агучыў свае планы на пасадзе прэм'ер-міністра Венгрыі
- 9.05.2026, 18:39
- 1,176
Сёння ў Венгрыі дзень вызвалення ад Орбана.
Лідар яшчэ нядаўна апазіцыйнай партыі «Ціса» Пэтер Мадзяр афіцыйна стаў прэм'ер-міністрам Венгрыі. За яго прызначэнне прагаласаваў венгерскі парламент, які сёння ўпершыню сабраўся ў новым складзе пасля красавіцкіх выбараў.
Як піша Telex, за прызначэнне Мадзяра прагаласавала большасць дэпутатаў наваабранага парламента, дзе яго партыя атрымала канстытуцыйную большасць. «За» яго прызначэнне аддалі свае галасы 140 з 199 дэпутатаў. Астатнія галасавалі «супраць». Ніхто не ўстрымаўся ад галасавання.
Акрамя таго, быў абраны спікер парламента. Гэтую пасаду заняла намесніца старшыні партыі «Ціса» Агнеш Форстхоффер. Адным з першых яе рашэнняў стала вяртанне сцяга Еўразвязу на будынак парламента, адкуль яго прыбралі яшчэ 12 гадоў таму на патрабаванне прарасійскага ўрада Віктара Орбана. Цікава, што сам экс-прэм'ер увогуле не з'явіўся на першым пасяджэнні абноўленага парламента.
У працяглай інаўгурацыйнай прамове наваспечаны прэм'ер Пэтер Мадзяр раскрытыкаваў свайго папярэдніка, абвінаваціўшы яго ўрад у эканамічным заняпадзе Венгрыі, стварэнні атмасферы палітычнай нянавісці ў краіне, а таксама ў пабудове карупцыйнай сістэмы, за якую цяпер грунтоўна возьмуцца праваахоўныя органы.
Мадзяр таксама заклікаў сысці ў адстаўку прэзідэнта краіны Тамаша Шуйока, які з'яўляецца палітычным паплечнікам Віктара Орбана.
Акрамя таго, Мадзяр абвясціў пра намер правесці канстытуцыйную рэформу і выправіць тыя скажэнні ў інстытуцыйнай сістэме дзяржавы, якія за 16 гадоў нарабіў Орбан.
— Мы пачнем перагляд канстытуцыйнай сістэмы Венгрыі, умацуем сістэму стрымак і супрацьваг, ініцыюем абмежаванне колькасці тэрмінаў прэм'ер-міністра, — сказаў Мадзяр.
Варта адзначыць, што ў сваёй прамове наваспечаны лідар Венгрыі поўнасцю праігнараваў знешнюю палітыку, засяродзіўшыся выключна на ўнутраным парадку дня.