Зяленскі зацвердзіў новую Канцэпцыю барацьбы з тэрарызмам
- 12.06.2026, 1:04
Акцэнт на дронах, ракетах і кібератаках.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі зацвердзіў новую Канцэпцыю барацьбы з тэрарызмам ва Украіне, якая заменіць дакумент, прыняты яшчэ ў 2019 годзе. Адпаведны ўказ апублікаваны на сайце прэзідэнта Украіны.
Новая канцэпцыя істотна адрозніваецца ад папярэдняй і ўлічвае вопыт поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны.
Калі ў дакуменце 2019 года асноўная ўвага надавалася гібрыднай агрэсіі РФ, дзейнасці так званых «ДНР» і «ЛНР», незаконнаму абароту зброі і рызыкам дыверсій, то новая рэдакцыя прама называе тэрарыстычную дзейнасць узброеных фарміраванняў Расійскай Федэрацыі галоўнай тэрарыстычнай пагрозай.
У дакуменце ўпершыню дэталёва апісаны пагрозы, звязаныя з масіраванымі ракетнымі ўдарамі, беспілотнікамі, кібератакамі і інфармацыйнымі аперацыямі. Асобна згадваецца вербоўка Расіяй людзей, у прыватнасці дзяцей, для ажыццяўлення тэрарыстычнай дзейнасці на тэрыторыі Украіны.
«Тэрарыстычная пагроза нацыянальным інтарэсам Украіны праяўляецца ў розных формах, але найбольшую пагрозу ўяўляе тэрарыстычная дзейнасць узброеных фарміраванняў Расійскай Федэрацыі», — гаворыцца ў дакуменце.
Сярод новых прыярытэтаў таксама абарона аб'ектаў крытычнай інфраструктуры і ланцужкоў паставак ад ракетных атак і атак з выкарыстаннем беспілотнікаў, ўзмацненне кіберабароны, супрацьдзеянне тэрарыстычнаму кантэнту ў інтэрнэце і павышэнне ўзроўню антытэрарыстычнай падрыхтоўкі насельніцтва.
Яшчэ адным адрозненнем стала збліжэнне ўкраінскай антытэрарыстычнай палітыкі са стандартамі Еўрапейскага саюза і НАТА. Канцэпцыя прадугледжвае адаптацыю заканадаўства да права ЕС, паглыбленне супрацоўніцтва з еўрапейскімі і еўраатлантычнымі структурамі, а таксама правядзенне сумесных антытэрарыстычных мерапрыемстваў з партнёрамі.
Каардынацыю рэалізацыі новай канцэпцыі, як і раней, будзе ажыццяўляць Антытэрарыстычны цэнтр пры Службе бяспекі Украіны.