15 чэрвеня 2026, панядзелак, 10:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Галоўным захавальнікам крамлёўскіх таямніц апынуўся беларус з Асіповічаў

4
Галоўным захавальнікам крамлёўскіх таямніц апынуўся беларус з Асіповічаў
Сужэнцы Казаковы

Пуцін яго нечакана звольніў.

Кіраўніка канцылярыі Крэмля Пуцін нечакана звольніў 12 чэрвеня. Ураджэнец Магілёўшчыны Андрэй Казакоў меў доступ да дакументаў асаблівай важнасці, але, як высветлілася, сам ён быў як на далоні для замежных спецслужбаў. The Insider распавядае, як ураджэнец Асіповічаў стаў галоўным захавальнікам таямніц РФ.

У размовах з родзічамі Казакоў называў сябе галоўным захавальнікам крамлёўскіх таямніц. І гэта сапраўды так: Казакоў як ніхто іншы ведаў усю ўнутраную кухню Крэмля, механізмы прыняцця сакрэтных рашэнняў і тое, хто ў іх задзейнічаны.

Ён раней за іншых даведваўся пра новыя прызначэнні і гучныя адстаўкі.

Ад сваіх падначаленых Казакоў патрабаваў неўхільнага выканання рэжыму сакрэтнасці. Пры гэтым нават самы павярхоўны пошук дазваляе ўстанавіць усю магчымую інфармацыю пра яго самога.

Казакоў нарадзіўся ў 1958 годзе ў беларускім горадзе Асіповічы пад Магілёвам. Пасля пераезду ў Маскву ён скончыў ваеннае вучылішча і служыў «сакрэтчыкам» у цесна звязаным з ГРУ Галоўным упраўленні міжнароднага ваеннага супрацоўніцтва Мінабароны. Там яго і заўважыў даўні сослужывец Пуціна па ПГУ КДБ СССР Сяргей Іваноў, які тады ўзначальваў ваеннае ведамства.

Кар’ера Казакова пайшла ўгару, ён даслужыўся да намесніка начальніка апарата міністра абароны і ўжо ў 2010 годзе змог дазволіць сабе кватэру ў элітным ЖК прэміум-класа «Смаленская застава» на Ружэйным завулку ў Хамоўніках.

У 2011 годзе Іваноў перасеў у крэсла кіраўніка АП і неўзабаве прызначыў Казакова намеснікам начальніка свайго сакратарыята.

Яшчэ праз тры гады Казакоў купіў і аформіў на дачку яшчэ больш дарагую і прасторную кватэру ў ЖК Barkli Park (нерухомасць там каштуе ад 100 да 500 млн рублёў).

Ежу на дом ён стаў замаўляць з «Глобус Гурмэ». Не толькі сам чыноўнік, але і ягоныя сваякі абзавяліся дарагімі машынамі. Пад Мыцішчамі ў ДНП «Военнослужащий» Казакоў пабудаваў асабняк.

Там жа ў гаражы стаяць рарытэтныя «Масквіч» і «Жыгулі», якія ён з гонарам паказвае гасцям. На Новы год уся сям’я збіраецца ў асабняку, а летам адзначаюць святы на яхце на Пірагоўскім вадасховішчы.

У 2016 годзе Казакоў перайшоў у канцылярыю прэзідэнта РФ, дзе ўжо ў 2020 годзе змяніў шматгадовага начальніка канцылярыі Аляксандра Галубева, які памёр ад каранавіруса.

Паводле слоў крыніцы The Insider на Старой плошчы, з першых дзён новы кіраўнік канцылярыі пачаў патрабаваць ад падначаленых павышанай пільнасці:

«Андрэй Анатольевіч проста апантаны сакрэтнасцю. Мы і так усе пад падпіскай аб неразгалошванні, а тут яшчэ пастаянныя праверкі. Атмасфера ў канцылярыі вельмі нервовая, даносы сталі нормай. А скардзіцца няма каму — вышэй толькі ВВП».

Што да сябе самога, ён, здаецца, гэты рэжым сакрэтнасці не надта выконваў: тэлефанаваў кіраўніку ГРУ Ігару Касцюкову па звычайнай мабільнай сувязі і карыстаўся поштай на Gmail, якая захоўваецца на амерыканскіх серверах.

Праз звычайных ботаў для прабівання звестак няма складанасці даведацца ўсе дэталі яго побытавага жыцця, пачынаючы ад смакавых пераваг (напрыклад, яго сям’я імкнецца купляць безлактознае малако) і заканчваючы асабістым стаматолагам. Гэта, дарэчы, Дзмітрый Сяргеяў з Цэнтральнага ваеннага клінічнага шпіталя імя П. М. Мандрыкі Мінабароны РФ.

Акрамя таго, Казакоў выкладваў у публічны доступ фатаграфіі свайго сямейнага адпачынку ў краінах НАТА. Справядлівасці дзеля, пасля поўнамаштабнага ўварвання сям’я Казакова пачала адпачываць на тэрыторыі Расіі: у гранд-гатэлі «Приморье» ў Геленджыку, «Rosa Springs» у Сочы або пяцізоркавым «Гранд Палас» у Светлагорску.

Апошні раз за мяжу сям’я Казакова адправілася за чатыры суткі да пачатку ўварвання ва Украіну — 20 лютага 2022 года. Ён з жонкай, дачкой і ўнучкай паляцеў адпачываць у Сербію. Відаць, чыноўнік, дапушчаны да ўсіх дзяржаўных таямніц, разумеў, што гэта яго апошні шанец выехаць за мяжу.

Дарэчы, сям’я ў Казакова таксама «сакрэтная». Сын Канстанцін — супрацоўнік ФСО. Ён узначальвае ўпраўленне абароны дзяржаўнай таямніцы Мінфіна, што адпавядае генеральскай пасадзе.

Жонка сына, Дар’я, таксама пад падпіскай аб неразгалошванні дзяржтаямніцы. Па прафесіі яна медык, але ў 2022 годзе свёкар уладкаваў яе на Старую плошчу кансультанткай у дэпартамент па працы з сакрэтнымі дакументамі ўпраўлення прэзідэнта па дзяржаўных узнагародах.

Праз яе рукі праходзяць сотні сакрэтных указаў аб узнагароджанні генералаў ФСБ, СВР, Мінабароны, «герояў» СВО і шпіёнаў, якія выконваюць тайныя аперацыі за мяжой.

Усуперак папярэджанням ФСБ пра вербоўку ў замежных камандзіроўках, да 2025 года яна безстрашна выкладала фота сваіх падарожжаў па Італіі, Германіі, Швейцарыі і Іспаніі разам са сваім засакрэчаным мужам.

На развітанне Пуцін узнагародзіў Казакова ордэнам «За заслугі перад Айчынай» III ступені. Як сказана ў указе, «за ўклад у забеспячэнне дзейнасці прэзідэнта РФ і шматгадовую добрасумленную працу».

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках