15 чэрвеня 2026, панядзелак, 10:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Ясны сігнал»: расіяне ўцякуць з Крыму?

4
«Ясны сігнал»: расіяне ўцякуць з Крыму?

Лідар крымскататарскага народу назваў умову.

Старшыня Меджліса крымскататарскага народу Рэфат Чубараў заявіў, што Сілы абароны Украіны выяўлілі найбольш уразлівае месца расійскай групоўкі ў акупаваным Крыме. Паводле яго слоў, гаворка пра лагістыку і транспартныя маршруты, якія забяспечваюць сувязь паўвострава з тэрыторыяй Расіі.

Пра гэта Чубараў распавёў у эфіры тэлеканала FREEДOM. Ён адзначыў, што ўкраінскія ўдары па транспартнай інфраструктуры істотна паўплывалі на магчымасці забеспячэння акупацыйных сілаў.

Уразлівае звяно

«Сапраўды, знойдзена самае ўразлівае месца для расійскіх акупантаў, размешчаных на паўвостраве. Гэта лагістыка і два транспартныя калідоры, якія злучаюць Крым. У адным выпадку гэта Керчанскі мост, які злучае акупаваны паўвостраў непасрэдна з тэрыторыяй Расіі. А другі калідор — гэта так званая Наварасійская траса, якая ідзе ад горада Растоў-на-Доне на тэрыторыі дзяржавы-агрэсара праз акупаваныя Марыупаль, Мелітопаль і да Крыму», — патлумачыў Чубараў.

Ён нагадаў, што Керчанскі мост ужо неаднаразова падвяргаўся атакам. На думку старшыні Меджліса, збудаванне ўжо не здольнае ў поўнай меры выконваць функцыі, закладзеныя падчас яго праектавання.

«Керчанскі мост тройчы падрывалі, і два ўдары былі вельмі сур’ёзнымі. Таму мост не вытрымлівае ўсёй той нагрузкі, якая, скажам так, на яго ўскладалася пры праектаванні. Прынамсі, грузавыя цягнікі з цыстэрнамі, з палівам па мосце пакуль не рухаюцца», — сказаў ён.

Наступствы для Крыму

Паводле Чубарава, сур’ёзных страт зазнала і паромная пераправа, якая раней выкарыстоўвалася для перавозкі грузаў.

«Паромная пераправа таксама практычна знішчана. У папярэдні перыяд паромы, якія маглі перавозіць вагоны, у тым ліку вагоны-цыстэрны, таксама пайшлі на дно», — адзначыў ён.

Старшыня Меджліса дадаў, што пасля гэтага асноўная нагрузка легла на сухапутны маршрут праз акупаваныя тэрыторыі поўдня Украіны. Паводле яго слоў, гэты накірунак знаходзіцца пад пастаянным уздзеяннем украінскіх сілаў.

«Цяпер застаецца гэтая траса, а яна ўзятая пад агнявы кантроль сіламі беспілотных сістэм Украіны. Не мінае ніводнай ночы, а часта — і дня, каб не наносіліся ўдары па ваенных аб’ектах на тэрыторыі Крымскага паўвострава, асабліва на ўездзе на паўвостраў з боку акупаванай часткі Херсонскай вобласці», — падкрэсліў Чубараў.

Ён таксама заявіў, што праблемы з лагістыкай ужо паўплывалі на грамадзянскі сектар. У прыватнасці, паводле яго ацэнкі, на паўвостраве назіраюцца цяжкасці з палівам і скарачэнне турыстычнага патоку.

«Знішчэнне ўсіх гэтых мастоў, перапраў, узяцце пад кантроль трасы прывяло да паліўнага крызісу, які пацягнуў за сабой крызіс у іншых сектарах. У Крыме цяпер у пэўнай ступені калапс у турыстычнай сферы. Вельмі многія з тых, хто загадзя браніраваў пуцёўкі, адмянілі іх. Розныя даныя сведчаць, што ад 40 і больш працэнтаў пуцёвак ужо скасавана», — сказаў ён.

Сігнал да ад’езду

Асобна Чубараў выказаўся пра грамадзян Расіі, якія пераехалі ў Крым пасля акупацыі. Паводле яго слоў, далейшае развіццё падзей будзе залежаць ад дзеянняў украінскіх вайскоўцаў і сітуацыі з транспартным паведамленнем.

«Паводле ацэнак многіх экспертаў, не менш за адзін мільён грамадзян Расіі незаконна пражываюць у Крыме. Яны з’яўляюцца саўдзельнікамі ўчыненых злачынстваў. І для іх цяпер вельмі трывожны час», — заявіў ён.

Чубараў адзначыў, што масавы адток расіян з паўвострава магчымы пры ўмове з’яўлення для іх яснага сігналу.

«Мне, вядома, вельмі хацелася б, каб гэтыя тэндэнцыі прывялі да масавага адтоку, ад’езду гэтых людзей. Але для гэтага, канешне, патрэбныя яшчэ дзеянні, якія для расіян стануць ужо прамым сігналам. Вядома, вы, напэўна, ужо здагадаліся, што я кажу пра Керчанскі мост», — сказаў старшыня Меджліса.

Паводле яго слоў, мост і дасюль мае сімвалічнае значэнне для многіх грамадзян Расіі.

«Гэты мост пакуль захоўвае для многіх расійскіх грамадзян нібыта навязанае ім, быццам сакральнае значэнне. І пакуль ён стаіць, у іх ёсць ілюзія, што Крым быццам прыбіты цвікамі да тэрыторыі Расіі. Насамрэч гэта не больш чым ілюзія», — рэзюмаваў Рэфат Чубараў.

Нагадаем, што Сілы абароны Украіны працуюць над рэалізацыяй задач, накіраваных на ізаляцыю часова акупаванага Крыму. Адна з ключавых мэтаў — прымусіць акупантаў пайсці на «жэст добрай волі».

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках