ЗША, Францыя і Грэцыя правядуць з Арменіяй сумесныя вайсковыя вучэнні
- 15.06.2026, 20:12
Ерэван дыстанцуецца ад Масквы.
У Арменіі з 17 па 25 чэрвеня адбудуцца сумесныя вучэнні армянскіх, амерыканскіх, французскіх і грэчаскіх вайскоўцаў Eagle Partner-2026. Пра гэта паведаміла прэс-служба Мінабароны Арменіі.
Як удакладняецца ў публікацыі, у трэніроўках возьмуць удзел вайскоўцы міратворчай брыгады Узброеных Сіл (УС) Арменіі, Сухапутных войскаў ЗША ў Еўропе і Афрыцы, а таксама Нацыянальнай гвардыі штата Канзас, УС Францыі і УС Грэцыі. Найбольш — 250 чалавек — задзейнічана ў вучэннях з армянскага боку, перадае ТАСС.
Мерапрыемствы накіраваныя на падрыхтоўку і выкананне міратворчых задач, абмен перадавым досведам кіравання і тактычнай сувязі, а таксама на павышэнне гатоўнасці міратворчага падраздзялення УС Арменіі.
У такім складзе вучэнні яшчэ не праводзіліся. ЗША і Арменія ўпершыню праводзілі Eagle Partner на армянскай тэрыторыі ў верасні 2023 года. Апошні раз — у жніўні 2025 года.