Лукашэнка накінуўся на беларускіх футбалістаў на нарадзе па развіцці хакея
9- 16.06.2026, 18:08
- 2,114
Дыктатар заявіў, што ў айчынным футболе «няма на што глядзець».
Дыктатар Беларусі Аляксандр Лукашэнка падчас нарады па развіцці хакея, якая адбылася ў аўторак у Мінску, раскрытыкаваў стан беларускага футбола. Пра гэта паведамляе БелТА.
«Калі футбалісты пачнуць гуляць так, як гуляюць хакеісты, я з вялікім задавальненнем буду надаваць увагу і футболу. Але там пакуль няма на што глядзець. Не трэба крыўдзіцца, што я менш увагі надаю футболу. Ні крыху не менш», — заявіў узурпатар.
Пры гэтым дыктатар падкрэсліў, што і футбол, і хакей з’яўляюцца асноўнымі відамі спорту. «Футбол і хакей — гэта асноўныя віды спорту ўсюды. Бо яны масавыя. Гэта народныя віды спорту», — сказаў Лукашэнка.
Ён таксама згадаў пра нядаўні таварыскі матч паміж нацыянальнымі зборнымі Беларусі і Буркіна-Фасо. Сустрэча 9 чэрвеня завяршылася ўнічыю з лікам 2:2, хоць па ходзе матчу беларуская каманда вяла 2:0.
«Ну так, Буркіна-Фасо — нядрэнная каманда. Мы, здаецца, 2:0 вялі. А потым на фінішы — як звычайна. Пра што гэта сведчыць? Пра тое, што мы не рыхтуемся, мы фізічна не ўмеем гуляць. Ці трэнерскі штаб (хаця не магу сказаць, што яны дрэнна пачалі) на чале з Ганчарэнкам не падрыхтаваў каманду як след, каб да апошняй хвіліны стрываць і здабыць перамогу», — звярнуў увагу ўзурпатар.
За ўсю гісторыю незалежнасці зборная Беларусі ні разу не трапляла ў фінальную частку чэмпіянатаў свету і Еўропы. Сёлета каманда праваліла адбор на ЧС‑2026, набраўшы ўсяго два ачкі ў шасці матчах.
Праблемы ёсць і з цікавасцю заўзятараў. Напрыклад, на таварыскі матч зборнай з Сірыяй 5 чэрвеня сагналі каля 14 тыс. гледачоў — гэта толькі 41% ад умяшчальнасці стадыёна (33 тыс.).
У рэйтынгу ФІФА мужчынская зборная Беларусі займае толькі 96-е месца.