У Германіі скарацілася колькасць насельніцтва
3- 16.06.2026, 19:23
- 1,278
У ФРГ пражываюць 83,5 мільёна чалавек.
Новыя дадзеныя аб колькасці насельніцтва Германіі абнародавала ў аўторак, 16 чэрвеня, Федэральнае статыстычнае ведамства краіны. Паводле апошніх падлікаў, на канец 2025 года ў ФРГ пражывала на 110 тысяч чалавек менш, чым годам раней. У працэнтным вылічэнні гэта нямнога — усяго 0,1%. Але да гэтага моманту, пачынаючы з 2011 года, насельніцтва Германіі бесперапынна расла. Выняткам быў толькі кавідны 2020 год, перадае DW.
Колькасць насельніцтва краіны паводле апошніх падлікаў склала 83,5 мільёна чалавек.
Галоўным фактарам скарачэння насельніцтва стаў рост натуральнай убылі. То-бок, у Германіі паміраюць часцей, чым нараджаюцца. І калі ў 2024 годзе колькасць смерцяў перавысіла колькасць нараджэнняў на 331 тысячу, то ў 2025 годзе гэты паказчык вырас да 352 тысяч.
Адначасова істотна скараціўся міграцыйны прырост. Розніца паміж колькасцю тых, хто прыбыў, і тых, хто выехаў з Германіі, за год скарацілася з 430 тысяч чалавек да 235 тысяч. У выніку чыстая іміграцыя ўпершыню за апошнія гады не змагла кампенсаваць дэфіцыт нараджальнасці.
Працягнулася і старэнне насельніцтва. Колькасць жыхароў Германіі ва ўзросце старэй за 60 гадоў за год павялічылася на 387 тысяч чалавек. Іх доля ў агульнай колькасці насельніцтва ўжо дасягнула 31%.
Найбольш прыкметна павялічылася ўзроставая група ад 60 да 79 гадоў — на 358 тысяч чалавек, або 2,8%. У статыстычным ведамстве тлумачаць гэта тым, што ў гэтую катэгорыю паступова пераходзяць прадстаўнікі пакалення «бэбі-бумераў».
У той жа час колькасць жыхароў старэйшых за 80 гадоў скарацілася на 151 тысячу чалавек. Колькасць дзяцей і падлеткаў маладзейшых за 20 гадоў паменшылася на 88 тысяч.
Насельніцтва ўсходніх федэральных земляў скарацілася на 0,5%, заходніх — на 0,1%.
Рост насельніцтва зафіксаваны толькі ў трох гарадах-землях: у Берліне і Гамбургу (па 0,4%), а таксама ў Брэмене (0,3%). Сярод федэральных земляў найбольшае скарачэнне насельніцтва адбылося ў Цюрынгіі (-1,0%), Саксоніі-Анхальт (-0,7%) і Саарландзе (-0,5%).
Колькасць замежных грамадзян у Германіі за год вырасла ўсяго на 39 тысяч чалавек і дасягнула 12,4 млн. А яшчэ годам раней прырост складаў 283 тысячы чалавек.
Як і ў папярэднія гады, найбольшую долю ў агульнай колькасці насельніцтва Германіі сярод замежных груп складаюць туркі (1 385 000), за імі ідуць грамадзяне Украіны (1 167 000), Сірыі (856 000), Румыніі (763 000) і Польшчы (700 000).