16 чэрвеня 2026, aўторак, 23:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Спевака-пуцініста Газманава абвінавацілі ў ухіленні ад выплаты падаткаў

4
Спевака-пуцініста Газманава абвінавацілі ў ухіленні ад выплаты падаткаў

Раней ён выступаў перад лукашэнкаўскімі сілавікамі.

Былыя супрацоўнікі расійскага спявака Алега Газманава абвінавацілі яго ў выкарыстанні схем па абнаяўненні грошай і ўхіленні ад выплаты падаткаў. Такія заявы прагучалі ў судзе па справе былога дырэктара артыста Дзмітрыя Царэнкі, паведамляе «Агенцтва».

Царэнку абвінавачваюць у махлярстве пры арганізацыі канцэртаў Газманава. Паводле версіі следства, ён атрымліваў аплату за выступленні праз уласнае ІП у абыход кампаніі спевака і прысвоіў каля 15 млн расійскіх рублёў (прыкладна 210 тысяч долараў).

Сам Газманаў у судзе сцвярджаў, што не ведаў пра «схемы» Царэнкі і заяўляў, што «у яго не было часу ўнікаць у фінансавыя пытанні і ўсё правяраць з-за актыўнай канцэртнай дзейнасці».

Аднак былы адміністратар артыста Андрэй Кавалёў, які выступіў у судзе сведкам абароны, заявіў, што такая схема існавала з ведама самога Газманава, якога ён назваў «чэмпіёнам свету па эканомнасці». Па яго словах, ІП Царэнкі выкарыстоўвалася для абнаяўнення сродкаў і зніжэння падатковай нагрузкі.

«ІП Царэнкі стваралася для абнаяўнення і для ўхілення ад падаткаў, то бок для нелегальнай дзейнасці. Ён не мог ні сябе, ні сваіх сваякоў падстаўляць пад гэта, а Царэнкі не шкада», — паведаміў у судзе Кавалёў.

Па яго словах, артыст абяцаў, што «ўсё будзе нармальна» і «так робяць усе».

Ён таксама расказаў, што неаднаразова атрымліваў наяўныя грошы за выступленні спявака. Сярод іншага Кавалёў узгадаў навагодні карпаратыў 2014 года, за які, паводле яго слоў, Газманаву перадалі 60 тысяч долараў наяўнымі. Заказчыкам мерапрыемства нібыта выступаў тагачасны прэзідэнт Украіны Віктар Януковіч.

Сам Дзмітрый Царэнка сцвярджае, што дзейнічаў па ўказанні спявака. Акрамя таго, ён падаў да Газманава сустрэчны іск на 44 млн расійскіх рублёў (каля 620 тысяч долараў), заявіўшы, што гэтыя грошы былі пералічаныя артысту.

Гэта ўжо другі судовы працэс, звязаны з фінансавай дзейнасцю атачэння Газманава. У 2025 годзе Царэнка быў прызнаны вінаватым па іншай справе аб махлярстве і атрымаў чатыры гады калоніі.

Нагадаем, Алег Газманаў — яры прыхільнік расійскага ўварвання ва Украіну. Не першы год знаходзіцца пад санкцыямі. Паводле заявы ЕС, ён апраўдваў агрэсіўную вайну Расіі супраць Украіны, распаўсюджваў ілжывыя сцверджанні пра пагрозу з боку НАТА супраць Расіі і нібыта непазбежнасць больш маштабнай вайны ў выпадку бяздзейнасці з расійскага боку, а таксама публічна падтрымліваў палітыку прэзідэнта Пуціна ў дачыненні да Украіны і незаконную анексію Крыму і Севастопаля ў 2014 годзе.

Пры гэтым спявак актыўна выступае ў Беларусі. Напрыклад, у маі 2026 года ён быў хэдлайнерам канцэрта да Дня Перамогі каля Палаца спорту ў Мінску. А ў 2022 годзе яго запрасілі на турзлёт МУС.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках