У Падмаскоўі пасля атакі на НПЗ прайшоў чорны дождж
2- 18.06.2026, 15:06
- 2,200
Ападкі суправаджаліся пахам гару.
Жыхары мікрараёна Чыгуначны ў падмаскоўнай Балашысе паведамілі ў гарадскіх чатах і сацсетках пра з'яўленне цёмнага налёту на аўтамабілях, падваконніках і адзенні пасля дажджу, піша тэлеграм-канал «Осторожно, Москва».
Канал са спасылкай на відавочцаў піша, што ападкі суправаджаліся пахам гару, а на паверхнях заставаліся сляды, візуальна падобныя да нафтапрадуктаў.
Дождж ішоў пры ветры са хуткасцю каля 16 км/г, які мог пераносіць дым і прадукты гарэння ў паўночна-ўсходнім напрамку, дзе знаходзіцца Балашыха.
У сталічным дэпартаменце прыродакарыстання і Мосэкаманіторынгу заявілі, што пагаршэння якасці паветра ў Маскве і Маскоўскай вобласці не зафіксавана.



Прычынай мог стаць пажар на Маскоўскім нафтаперапрацоўчым заводзе. Украінскія беспілотнікі раніцай 18 чэрвеня другі раз з пачатку тыдня атакавалі завод. Пра атаку паведаміў мэр Масквы Сяргей Сабянін. «Прымаюцца меры па ліквідацыі наступстваў», — напісаў ён у тэлеграм-канале.
Таксама на МКАД адбыўся пажар на тэрыторыі гандлёвага комплексу «Садавод» і «Белая дача», пад удар трапіў дом у падмаскоўных Катэльніках.
Усяго падчас налёту, які цягнуўся з чатырох гадзін ночы да сямі раніцы, на падлёце да Масквы і непасрэдна над горадам сіламі супрацьпаветранай абароны збілі 137 украінскіх дронаў, удакладніў Сабянін.
.jpg)

