Bild: Тактыка Украіны працуе
6- 23.06.2026, 22:42
- 3,174
Узброеныя сілы Украіны стварылі Путіну праблемы адначасова на чатырох франтах.
Украіна ўжо не проста абараняецца ад расійскіх захопнікаў, але і вырабляе ўласныя беспілотнікі і ракеты, каб атакаваць вайсковую інфраструктуру ўнутры Расіі. Цяпер гэта тактыка пачала прыносіць плады — у апошнія тыдні сілы абароны стварылі для Уладзіміра Пуціна адразу чатыры сур'ёзныя праблемы, гаворыцца ў матэрыяле журналісткі Bild Жанны Плауманн.
Месяц таму аналітыкі Bild пісалі, што Пуцін у вайне супраць Украіны «нечакана апынуўся ў прайгрышным становішчы на трох франтах». Сярод паразаў Расіі журналісты называлі вялікія страты вайскоўцаў на фронце, «незначныя, але стабільныя» страты акупаваных тэрыторый і паспяховыя ўдары Украіны глыбока ў тыле РФ.
Цяпер жа, паводле ацэнкі выдання, у Пуціна праблемы ўжо «на чатырох франтах».
1. Тупік на фронце
Нягледзячы на лакальныя зрухі, стратэгічных зменаў на фронце няма з 2023 года. Абодва бакі пастаянна атакуюць шляхі забеспячэння, машыны з боепрыпасамі і палівам, чыгуначныя вузлы і дарожныя развязкі праціўніка. У выніку на лініі сутыкнення сфармавалася «нічыйная зямля, кантраляваная дронамі», шырынёй у шмат кіламетраў — і тут Украіна «цалкам дасягае поспехаў і наносіць расійскай арміі цяжкія страты», заявіў прафесар гісторыі Ян Берэндс (Еўрапейскі ўніверсітэт Віядрына).
Вайна на знясіленне працягваецца, і Расія «не можа знайсці спосаб выйграць ваенным шляхам», адзначае прафесар міжнародных дачыненняў Томас Ёгер (Кёльнскі ўніверсітэт).
2. Збоі ў вайсковай лагістыцы
Украіна атакуе нафтаперапрацоўчыя заводы, паліўныя рэзервуары, а таксама чыгуначную інфраструктуру ў тыле Расіі.
Шкода для эканомікі, паводле ацэнак экспертаў, велізарная — як у тым, што датычыць забеспячэння ўнутры краіны і на фронце, так і ў тым, што датычыць экспарту (асабліва нафтапрадуктаў — экспарт сырой нафты РФ якраз павялічыла).
Асобна Берэндс адзначае «драматычную сітуацыю» ў незаконна акупаваным Крыме, дзе прыватныя асобы больш не могуць купіць бензін.
Пад ударам апынуліся маршруты забеспячэння ў Крым. Аналітык Стакгольмскага Цэнтра ўсходнееўрапейскіх даследаванняў Андрэас Умланд адзначае, што, як высветлілася за апошнія дзве тыдні, «знішчэнне інфраструктуры перапрацоўкі і захоўвання нафты было больш эфектыўным, чым меркавалася». Цяпер, лічыць ён, усё расійскае эканамічнае і сацыяльнае жыццё знаходзіцца пад ціскам.
3. Няздольнасць абараніць Крым
Украіна рэгулярна атакуе вайсковую інфраструктуру і шляхі забеспячэння Крыму і абяцала «ператварыць яго ў востраў». Атакі ўскладняюць забеспячэнне расійскіх войскаў праз Крым на фронт ва Украіне.
Вайсковы эксперт Томас Ёгер называе Крым «найважнейшым сімвалам імперыялістычнай палітыкі Пуціна» і адзначае, што з яго ізаляцыяй «сітуацыя змяняецца».
Берэндс называе магчымую страту Крыму для Пуціна «масіўным падвойным ударам: сімвалічным, бо прапаганда заўсёды падкрэслівала цесную сувязь Крыму з Расіяй, і стратэгічным, бо паўвостраў служыць фарпостам Пуціна ў Чорным моры».
4. Расійскае грамадства ўсё больш адчувае наступствы вайны
Атакі на Крым і на мэты ўнутры Расіі робяць наступствы вайны відавочнымі для многіх расіян. Як падкрэслівае Берэндс, «вобраз палаючай Масквы немагчыма праігнараваць», а гэта значыць, што тактыка Украіны працуе.
Паводле слоў Умланда, толькі цяпер вайна ператвараецца для мільёнаў расіян «са свайго роду камп'ютарнай гульні ў паўсядзённую рэальнасць». Для значнай часткі расійскага насельніцтва вайна ўпершыню становіцца выразна бачнай, а яе наступствы, прынамсі эканамічныя, — ясна адчувальнымі.