ЗСУ ўдарылі па газаперапрацоўчым і геліевым заводах у Арэнбургу
1- 24.06.2026, 10:06
- 1,806
Абодва гэтыя прадпрыемствы раней ужо станавіліся мэтамі атак з боку Украіны.
У ноч на 24 чэрвеня беспілотнікі нанеслі ўдар па Арэнбургскім газаперапрацоўчым заводзе у расійскім Арэнбургу, там, верагодна, успыхнуў пажар. Таксама, паводле паведамленняў мясцовых паблікаў, мог быць паражаны мясцовы геліевы завод, піша New Voice.
У прамысловай зоне газаперапрацоўчага завода зафіксавана некалькі ачагоў узгарання, паведамляе маніторынгавы канал Exilenova+ са спасылкай на спадарожнікавыя даныя аб анамальных цяплавых з'явах.
Уначы з-за атакі БПЛА аэрапорт Арэнбурга прыпыняў працу, там часова не прымалі і не адпраўлялі самалёты.
Губернатар Арэнбургскай вобласці Яўген Солнцаў папярэджваў пра магчымыя «перабоі ў сувязі з яе парушэннем».
Раніцай 24 чэрвеня ён пацвердзіў «масіраваную атаку беспілотнікамі». Солнцаў заявіў, што «некалькі БПЛА збітыя над прамысловым прадпрыемствам» у Арэнбургу, аднак наўпрост не назваў газаперапрацоўчы завод. У той жа час ён прызнаў, што «на месцы працуюць экстранныя службы».
Тэлеграм-канал Supernova+ са спасылкай на паведамленні мясцовых жыхароў удакладняе, што, магчыма, былі атакаваныя адразу два заводы: Арэнбургскі газаперапрацоўчы завод і геліевы завод.
Абодва гэтыя прадпрыемствы раней ужо станавіліся мэтамі атак з боку Украіны. Яны ўваходзяць у вытворчы ланцужок перапрацоўкі прыроднага газу і звязаныя з групай кампаній Газпрам у Арэнбургскім газахімічным комплексе, нагадвае Supernova+.
У прыватнасці, кампанія «Газпром добыча Оренбург», якой належыць геліевы завод, эксплуатауе радовішчы і вытворчыя аб'екты. Задача завода — вылучэнне і падрыхтоўка каштоўных кампанентаў з прыроднага газу, у прыватнасці гелію.
У той час як кампанія «Газпром переработка» кіруе Арэнбургскім газаперапрацоўчым заводам, дзе ажыццяўляецца комплексная перапрацоўка газу з атрыманнем таварнага газу, серы, газавага кандэнсату і іншых прадуктаў.
12 мая 2026-га прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў пра паспяховы ўдар Сіл абароны па аб'ектах расійскай газавай прамысловасці ў рэгіёне Арэнбурга, больш чым за 1500 км ад мяжы.
Арэнбургскі геліевы завод таксама быў паражаны ў жніўні 2025-га. Тады ГУР Мінабароны Украіны ўдакладняла, што гэта адзінае прадпрыемства па вытворчасці гелію ў РФ і адно з найбуйнейшых у Еўропе, гадавая магутнасць перапрацоўкі якога складае каля 15 млрд куб. м прыроднага газу. Гелій шырока выкарыстоўваецца ў вытворчасці ракет, касмічнай галіне і авіяпрамысловасці.