У Мінску напалі на жанчыну, якая спявае песні пра Ісуса ў метро
16- 25.06.2026, 10:26
- 3,546
Меркаванні беларусаў пасля яе аповеду падзяліліся.
Многім мінчукам знаёмая гэтая жанчына, хоць наўрад ці яны назавуць яе імя. Валянціна Уткіна спявае песні пра Ісуса Хрыста на вуліцах сталіцы і ў метро. Нядаўна падчас такіх спеваў яна пацярпела ад агрэсіўнага мужчыны. Пра гэта Валянціна распавяла прахожай, якая раніцай 24 чэрвеня выклала відэа ў Instagram, піша «Зеркало».
«Ну, я заспявала «Слава Ісусу». Ён схапіў, кулаком мне разбіў нос. Але калі я не маю рацыі, выклікай міліцыю! Я штраф заплачу за тое, што я заспявала «Слава Ісусу», — разважае Валянціна на відэа.
Паводле яе слоў, усё здарылася «напэўна, на плошчы Леніна, таму што я выйшла з вагона, у мяне адразу пайшла кроў».
Як сцвярджае аўтарка відэа, Валянціне ніхто не дапамог, а нападніка яна прабачыла і заяву пісаць не будзе. Ролік за суткі набраў больш за 217 тысяч праглядаў і сотні каментароў, папулярныя такія:
«П'яніцу, што лаецца матам, ніхто не кране, а жанчыну, якая славіць Ісуса, можна? Заўсёды ў хрысціянстве былі спадвижнікі, старцы, юродзівыя. Серафіма Сароўскага сякерай рубалі бандыты»
«Гэта ж легенда Мінска, пастаянна спявае песні, нікога не чапае. Сто працэнтаў не мінчанін зрабіў»
«Думаю, у вагоне маглі быць камеры, і чалавека можна знайсці і прыцягнуць хаця б за гэта! Мала што каму не падабаецца, гэта не падстава біць людзей!»
«Сустрэліся двое неўраўнаважаных людзей. Адна ў грамадскіх месцах рэве на ўсё горла, у другога нервы не вытрымалі гэта цярпець. Вось і атрымалася тое, што атрымалася»
«Што з вамі, людзі?! Той, хто тут піша, што яму не падабаецца, як жанчына спявае… Паважаныя, яна не спявае, а славіць Госпада! Яна гэта робіць так, як ёй Бог даў талент! Ні адзін чалавек не мае права наносіць цялесныя пашкоджанні чалавеку толькі таму, што ён яму не падабаецца! Гэта парушэнне закона! Знайсці гэтага «юнака» і пакараць па ўсёй строгасці закона!»
«Не апраўдваю гвалт, але слухаць гэты роў, дый яшчэ ў закрытым памяшканні, не вельмі прыемна»
«Ніхто, паўтараю, ніхто не мае права біць чалавека ў твар, тым больш жанчыну. Гэта адбылося ў грамадскім месцы, ёсць цялесныя пашкоджанні, трэба пісаць заяву, шукаць хулігана і прыцягваць да адказнасці. Калі ён такое творыць публічна, дык што ён увогуле робіць, калі яго не бачаць»
«Я, вядома, супраць збіцця людзей, але, можа, гэтай жанчыне трэба навучыцца паводзіць сябе ў грамадскім транспарце, а не раўці на ўсё горла свае песні. Чула гэтае песнапенне — надзвычай непрыемна».