Украіна заявіла пра стварэнне дзвюх балістычных ракет
2- 25.06.2026, 10:47
- 3,914
Што пра іх вядома.
Украіна заявіла пра стварэнне адразу дзвюх уласных балістычных ракет. Адна прызначаная для ўдараў па цэлях паблізу лініі фронту, другая — для паражэння аб’ектаў далёка ў тыле. Кампанія Fire Point, якая распрацавала ракеты, абяцае адносна нізкі кошт і хуткі запуск вытворчасці, піша «Настоящее Время».
Што вядома пра новыя ракеты і наколькі яны могуць змяніць сітуацыю на полі бою?
Ва Украіне прайшлі выпрабаванні распрацаванай балістычнай ракеты FP-7 тактычнага ўзроўню. Паводле слоў вытворцы, далёкасць палёту — больш за 200 кіламетраў. Маса баявой часткі — 150 кілаграмаў, хуткасць палёту — 1,5 тыс. м/с. Паводле характарыстык яе часта параўноўваюць з амерыканскай ATACMS або з савецкай «Точкай-У». І калі казаць пра прымяненне, то галоўнымі мэтамі гэтай ракеты будуць аб’екты недалёка ад фронту або мяжы Украіны.
«Вялікая колькасць “ласых” мэт. Уключаючы ключавыя авіябазы РФ, якія знаходзяцца на адлегласці да 300 км ад лініі фронту. Можна пералічваць. Акрамя акупаванага Крыму — Варонеж. Ёсць што біць», — кажа галоўны рэдактар Defense Express Алег Катков.
Украінскае ракетабудаванне шмат гадоў знаходзілася ў стагнацыі. Пасля пачатку паўнамаштабнага ўварвання Кіеў звяртаўся да замежных партнёраў з просьбай даць падобную зброю. Але, па-першае, ні адна еўрапейская краіна іх самастойна не вырабляе. А па-другое, у свеце ў цэлым такіх ракет няшмат.
«Нам патрэбнае таннае рашэнне, якое можна хутка маштабаваць, — кажа кіраўнік кампаніі — вытворцы ўзбраення Анатоль Храпчынскі. — Мы бачым праблемы з разгортваннем вытворчых магутнасцяў PAC-3. Мы бачым праблемы з разгортваннем вытворчых магутнасцяў ракет ASTER 30 для сістэм SAMP/T. І яны пры гэтым дарагія. Галоўнай задачай для гэтых ракет з’яўляецца добрая сістэма навядзення і каардынацыі, якія дазволяць дакладна трапляць у мэту. Пакуль што вытворца абяцае некалькі метраў пагрэшнасці».
Украіна пайшла найкарацейшым шляхам. Новую ракету FP-7 стварылі ў корпусе савецкай С-400. Эксперты тлумачаць, што гэта зэканоміла час на распрацоўку ўласнага фюзеляжа, новай кампановачнай схемы ракеты, правядзенне аэрадынамічных тэстаў. Ракета ўжо прайшла лётныя выпрабаванні.
«Мы актыўна заклікалі да маштабавання вытворчасці мідл-страйк дронаў. І мы планавалі выйсці на актыўныя дзеянні на студзень. Мы выйшлі на май. Я, у прынцыпе, на тэставае выпрабаванне і фактычнае прымяненне адводжу недзе ад 6–9 месяцаў», — кажа Храпчынскі.
Як заяўляюць у кампаніі-вытворцы Fire Point, цана адной ракеты будзе рэкордна нізкай для сусветнага рынку — каля 500 тысяч долараў. Для параўнання, амерыканская ATACMS каштуе ад мільёна да паўтара мільёна долараў. Іншае пытанне — колькі ракет Украіна зможа вырабляць, кажа галоўны рэдактар Defense Express.
«Расійская Федэрацыя, паводле даных Галоўнага ўпраўлення разведкі, будуе за месяц 60 балістычных ракет «Іскандэр». Атрымліваецца па дзве на дзень. Гэта пра тэмпы, на якія не тое каб варта арыентавацца, проста [для ўяўлення], наколькі гэта складана», — сказаў Катков.
Прама цяпер ва Украіне распрацоўваюць яшчэ адну балістычную ракету — FP-9. Гэта ўжо зброя аператыўна-стратэгічнага ўзроўню — яна большая і магутнейшая. Заяўленая далёкасць палёту — 855 кіламетраў. Маса баявой часткі — 800 кілаграмаў. Паводле сваіх характарыстык яна падобная да расійскага «Іскандэра». Відэа выпрабаванняў гэтай ракеты пакуль няма.
«У нас для “дзяўяткі” (FP-9), якая можа даляцець да Масквы, з прыстойнай хуткасцю ўвайсці ў мэту, пакуль ёсць усё, акрамя рухавіка, — кажа Дзяніс Штылерман, кіраўнік кампаніі Fire Point. — То бок у нас ёсць прывад, сістэма кіравання, ёсць карпусы, але корпус рухавіка ў нас не ўсталяваны, пакуль рухавік не выпрабаваны».
Кіраўнік Fire Point дадаў, што працэс кодафікацыі, то бок рэгістрацыі ракеты ў Міністэрстве абароны, ва Украіне спрашчаны. І кампанія будзе адразу вырабляць дзясяткі тэставых экзэмпляраў для паскарэння вытворчасці.
«Украінская балістыка зменіць усё ў гэтай вайне. Яна зменіць статус Украіны ў свеце. Мы ўжо яго шмат разоў змянялі, гэта вышэйшая ліга. Я не хачу, з аднаго боку, завышаць чаканні, з другога — падказваць нашаму ворагу нешта», — сказаў міністр абароны Украіны Міхаіл Фёдараў.
Таксама Фёдараў заявіў, што грошы на распрацоўку ракеты ёсць і будуць. Раней Уладзімір Зяленскі называў балістыку «апошнім расійскім аргументам» у вайне супраць Украіны.