«Слёзы цяклі ручаём, ногі падкасіліся»: у Маскве ўпершыню адчулі смак вайны
5- 27.06.2026, 14:22
- 5,670
Крэмль не здолеў уберагчы сваю сталіцу.
Вясной Украіна актывізавала сваю ўдарную кампанію супраць Масквы, і жыхары расійскай сталіцы ўпершыню адчулі наступствы поўнамаштабнай вайны, развязанай расійскім лідарам Уладзімірам Пуціным. Як піша Financial Times, яны хаваліся ў падвалах, назіралі пажары ў крамах і знаходзілі аўтамабілі, аблітыя таксічным «нафтавым дажджом» — прыкметы канфлікту, які Крэмль доўгі час спрабаваў трымаць убаку ад сталіцы.
Як адзначыў Канрад Музыка, дырэктар польскай аналітычнай групы Rochan Consulting, расійская сталіца стала заўважна больш уразлівай для удараў беспілотнікаў, якія з вясны пачасціліся як па «частаце, так і па эфектыўнасці».
«Калі гарыць Украіна, гарыць і ваша Масква», — заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі 18 чэрвеня, калі быў падпалены галоўны нафтаперапрацоўчы завод Масквы.
«Мне прыснілася, што нас бамбяць. Потым я прачнулася а палове на чацвёртую, зразумеўшы, што гэта не сон», — успамінае пра атаку Амалія, якая жыве ў Катэльніках, прыгарадзе на паўднёва-ўсходзе Масквы.
Пры гэтым яна сказала, што не атрымала ніякага папярэджання ад уладаў. У каментарыях да пастоў у Telegram-канале губернатара Маскоўскай вобласці былі аналагічныя скаргі.
«Чуем, як набліжаецца дрон, бяжым у калідор — і праз гадзіну ў Telegram мэра прыходзіць папярэджанне», — напісала Вольга, жыхарка Хімак, прыгарада Масквы.
Акрамя таго, удары Украіны па расійскіх нафтаперапрацоўчых заводах пагоршылі дэфіцыт паліва, выклікаўшы ў інтэрнэце абурэнне з-за афіцыйных заяў аб тым, што пастаўкі застаюцца нязменнымі.
«Некаторыя кажуць, што ў Расіі дэфіцыт паліва. Гэта ўсё фэйк», — саркастычна заўважыў маскоўскі блогер Міхаіл Вітэ ў відэа ў Instagram. «Глядзіце, быў нафтавы дождж! У нас яго так чортава шмат, што мы не ведаем, што з ім рабіць», — дадаў ён.
Пажар на нафтаперапрацоўчым заводзе таксама перакінуўся на найбуйнейшы аптовы рынак Расіі «Садавод» і знішчыў рады крамаў і запасы тавараў за некалькі месяцаў. Гандляры ацэньваюць страты ў мільёны рублёў.
«Мы ўбачылі, як тое, што мы пабудавалі, ператварылася ў попел/ Слёзы цяклі ручаём, ногі падкасіліся», — напісала саўладальніца крамы адзення ў Instagram.
Пры гэтым адна з жыхарак Белгародскай вобласці Расіі, якая мяжуе з Украінай, сказала: «Мне не сорамна гэта казаць, але я часткова рада, што людзі ў Маскве нарэшце змогуць адчуць тое жыццё, якім нашы рэгіёны жылі гадамі».
Гэта не паўплывала на Пуціна
Андрэй Калеснікаў, палітолаг і жыхар Масквы, лічыць, што ігнараваць атакі «немагчыма». Але для многіх яны сталі «проста новай рэальнасцю», калі толькі не трапляюць пад прамы ўдар.
«Масква велізарная — захад і ўсход горада амаль як розныя краіны», — сказаў Калеснікаў.
Тым не менш, няма ніякіх прыкмет таго, што гэта хваля незадавальнення нейкім чынам паўплывае на Пуціна.
Калеснікаў адзначыў, што атакі беспілотнікаў толькі ўмацавалі пазіцыі праціўнікаў вайны, а таксама прыхільнікаў ядзернага ўдару. «Для Пуціна гэты ціск — стымул да эскалацыі», — лічыць ён.
Удары па Расіі
Хваля ўдараў украінскіх беспілотнікаў, якія з пачатку года не менш як 40 разоў наносілі ўдары па расійскіх нафтаперапрацоўчых заводах, стварыла рызыку дэфіцыту бензіну ў Маскве.
Удары ўкраінскіх беспілотнікаў вывелі Маскоўскі нафтаперапрацоўчы завод з ладу як мінімум на шэсць месяцаў. У гэтым месяцы завод двойчы падвергнуўся ўдарам украінскіх дронаў, з-за чаго прадпрыемства было вымушана спыніць працу.
Рэклама
СМІ пішуць, што расійскія «ястрабы» абураныя ўкраінскімі ўдарамі па Маскве і тым, што ЗША так і не выканалі сваё абяцанне прымусіць Украіну капітуляваць. Яны заклікаюць Крэмль канчаткова адмовіцца ад дыпламатыі і звярнуцца да эскалацыі канфлікту.