Украінскія дроны паразілі ў Крыме расійскі карабель «Святляк» прама на хаду
3- 4.06.2026, 14:16
- 4,222
Момант удару трапіў на відэа.
Сілы беспілотных сістэм Украіны ў ноч на 4 чэрвеня на хаду паразілі памежны старажавы карабель класа «Святляк» у Крыме, а таксама шэраг іншых ваенных і лагістычных мэт праціўніка.
Пра гэта паведаміў камандуючы Сіламі беспілотных сістэм Роберт Бровдзі («Мадзяр»), які апублікаваў відэа паражэння.
Паводле яго слоў, сярод мэт, па якіх адпрацавалі падраздзяленні СБС у аператыўнай глыбіні праціўніка, быў памежны старажавы карабель «Святляк» праекта 10410 у населеным пункце Юркіна ў акупаваным Крыме.
Яго даўжыня складае 49,5 метра, экіпаж налічвае 28 вайскоўцаў, а аўтаномнасць плавання дасягае 10 сутак або каля 2200 марскіх міль. Карабель узброены артылерыйскай устаноўкай АК-176, пераноснымі зенітнымі ракетнымі комплексамі «Ігла», кулямётнымі ўстаноўкамі і шасціствольнымі зенітнымі аўтаматамі.

Карабель прызначаны для кантролю і абароны партоў і судоў, стварэння тактычнага рубяжа супрацьпаветранай і супрацьлодкавай абароны.
Таксама, паводле звестак СБС, былі паражаныя зенітны ракетна-гарматны комплекс «Панцыр-С1» у Стрэлкавым на Херсоншчыне і радыётэхнічная сістэма бліжняй навігацыі РСБН-4Н у Саках у акупаваным Крыме.
Акрамя таго, пад удар трапілі лакаматывы ва Уладзіславаўцы і Раздольным у Крыме, трансфарматары ў Булавінскім і Углегорску ў Данецкай вобласці, а таксама цыстэрны з гаруча-змазачнымі матэрыяламі ў Макееўцы.
Нагадаем, 3 чэрвеня камандуючы Сіламі беспілотных сістэм Роберт Бровдзі («Мадзяр») паведаміў пра паражэнне расійскага карвета «Бойкі» у Кранштаце пад Санкт-Пецярбургам.