У Крыме абвясцілі пра поўнае спыненне продажу бензіну за наяўныя
2- 4.06.2026, 17:09
- 1,376
Талоны скончыліся.
Прызначаны Масквой «кіраўнік» анэксіяванага Крыма Сяргей Аксёнаў у сваім тэлеграм-канале абвясціў пра поўнае спыненне продажу бензіну за наяўныя на некалькі дзён. «Талонаў у вольным продажы няма і ў найбліжэйшы час не будзе», — напісаў ён. Па раней набытых талонах паліва будзе адпускацца не больш за 20 літраў у адны рукі, удакладніў Аксёнаў.
На кожнай АЗС будуць дзяжурыць прадстаўнікі муніцыпалітэтаў і рэспубліканскіх ведамстваў, якія будуць фіксаваць нумары машын, што запраўляюцца па талонах. Пры гэтым камунальныя службы, хуткая дапамога, сілавікі і грамадскі транспарт, паводле слоў «кіраўніка» паўвострава, «будуць забяспечаныя палівам у поўным аб’ёме». Аксёнаў паабяцаў штодня абнаўляць інфармацыю і папрасіў крымчан «з разуменнем паставіцца да сітуацыі».
Абмежаванні ўводзяцца на фоне найвострага дэфіцыту паліва, які ахапіў Крым. Прычына — удары Узброеных Сіл Украіны па нафтаперапрацоўчай інфраструктуры і лагістыцы. Украінскія беспілотнікі фактычна ўзялі пад кантроль федэральную трасу Р‑280 «Наварасія» («сухапутны мост» з Растова-на-Доне ў Крым).