5 чэрвеня 2026, Пятніца, 16:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Беларусі знікае возера з «лячэбнай» вадой

1
У Беларусі знікае возера з «лячэбнай» вадой

Мясцовыя жыхары перакананыя, што вадаём яшчэ можна выратаваць.

У мясцовай групе з’явіліся свежыя фатаграфіі возера Мох Малае, у якім, паводле здымкаў, засталося зусім мала вады. Мясцовыя ўлады звязваюць сітуацыю са змяненнем клімату. Аднак жыхары ўзгадваюць, што падобная праблема ўжо ўзнікала шмат гадоў таму. Тады вадаём расчысцілі, і яго ўдалося захаваць, піша Hrodna.life.

Возера Мох Малае знаходзіцца ў Слонімскім раёне Гродзенскай вобласці, у 24 кіламетрах на паўднёвы захад ад Слоніма, паміж вёскамі Падлессе і Яруцічы. Яно адносіцца да басейна ракі Грыўда — левага прытоку Шчары.

Мясцовасць вакол возера пераважна градава-ўзгорыстая, бязлесная, мясцамі забалочаная. Вадаём акружаны шырокай поймай з водна-балотнай расліннасцю і рэдкім кустоўем. Берагі нізкія, пясчаныя, мясцамі забалочаныя.

Плошча люстра возера каля 0,22 кв. км, даўжыня — 0,95 км, максімальная шырыня — 0,25 км, даўжыня берагавой лініі — каля 3,4 км.

Паведамленні пра зніжэнне ўзроўню вады ў возеры Мох Малае з’яўляліся ў мясцовых супольнасцях і раней.

Што кажуць улады

У каментарыях пад нядаўнімі публікацыямі прадстаўнікі раённых службаў адзначылі, што ўжо адказвалі жыхарам на пытанні пра прычыны абмялення вадаёма.

Паводле інфармацыі інспекцыі прыродных рэсурсаў, асноўнай прычынай з’яўляецца зніжэнне ўзроўню грунтавых вод, звязанае з кліматычнымі зменамі.

«На жаль, змены клімату ў нашым рэгіёне выражаюцца, між іншым, і ў падзенні ўзроўню грунтавых вод. Антрапагенны фактар у дадзеным выпадку не адыгрывае вядучай ролі. Меліярацыйныя працы ў раёне возера не праводзіліся. Праблемы з падзеннем узроўню грунтавых вод назіраюцца практычна ва ўсіх рэгіёнах краіны».

Ці будуць прадпрымацца нейкія меры для выратавання возера, улады пакуль не паведамілі.

Што ўспамінаюць мясцовыя жыхары

Жыхары раёна распавядаюць, што падобная сітуацыя ўжо адбывалася некалькі дзесяцігоддзяў таму.

Паводле іх слоў, тады да возера прыганялі тэхніку, расчысцілі вадаём, пасля чаго ў ім ізноў з’явіліся падземныя крыніцы, а ўзровень вады аднавіўся.

Адзін з карыстальнікаў напісаў:

«Яно калісьці перасыхала. Тэхніку далі, пачысцілі, пачалі біць крыніцы — возера ажыло».

Іншыя жыхары ўспамінаюць, што возера доўгі час было папулярным месцам адпачынку:

«Доўгі час Мох радаваў нас цёплай вадой. Старыя казалі, што прыязджаў нейкі вучоны, браў пробу вады — нібыта яна была лячэбнай. Можа, гэта і міф, але валасы пасля купання заўсёды былі мяккія, як пасля шампуню».

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках