Самы багаты бізнесмен Расіі скарачае інвестыцыі і рыхтуецца звальняць супрацоўнікаў
3- 5.06.2026, 15:26
- 2,122
Фота: Яўген Федаскоў
Мардашоў увайшоў у «адмоўны кэш».
«Северсталь» спыніла набор персаналу і разглядае магчымасць звальненняў на фоне крызісу ў металургічнай галіне, паведаміў у інтэрв’ю РБК асноўны ўладальнік і старшыня савета дырэктараў кампаніі Аляксей Мардашоў.
«Мы спынілі прыём новых супрацоўнікаў на «Северсталі». Магчыма, пойдзе гаворка пра пэўную аптымізацыю персаналу», — сказаў ён. Мардашоў дадаў, што пакуль не гатовы гаварыць пра маштабы гэтых мер.
Паводле яго слоў, таксама месяц таму кампанія на 24% скараціла інвестыцыйную праграму 2026-га года і плануе яшчэ мацней урэзаць гэтыя выдаткі ў наступным годзе.
Мардашоў, які з’яўляецца самым багатым расійскім бізнесменам са станам $37 млрд, пажаліўся на рэзкае пагаршэнне фінансавых паказчыкаў «Северсталі». Так, рэнтабельнасць кампаніі па EBITDA з пачатку года складае каля 12%, тады як раней нормай было 30–40%. Адначасова «Северсталь» сутыкнулася з адмоўным грашовым патокам. «Наша даходнасць радыкальна ўпала. Мы ўжо ўвайшлі ў адмоўны кэш. Мы трацім на інвестыцыі больш, чым зарабляем», — прызнаў Мардашоў.
Ключавой прычынай гэтых праблем ён назваў падзенне попыту на металапрадукцыю. Паводле слоў бізнесмена, летась спажыванне сталі ў Расіі скарацілася на 14%, за першыя 4 месяцы 2026-га — яшчэ на 13%, а сумарна за тры гады — на 30%.
Пры гэтым Мардашоў паскардзіўся, што «Северсталь» не можа спыніць усе бягучыя інвестыцыйныя праекты, нягледзячы на крызіс у галіне. «Мы ўжо зайшлі даволі далёка, і ў выпадку замарозкі будзе страчана тое, што выдаткавана. Нават тэхнічна вельмі цяжка затармазіць, калі мы ўжо закантрактаваныя, усё ўжо ідзе. Прыйдзецца, напэўна, за гэта плаціць», — канстатаваў бізнесмен. Ён дадаў, што перспектывы металургіі застаюцца няпэўнымі: «Якое дно будзе і калі, я не ведаю».
З пункту гледжання Мардашова, у цэлым расійская эканоміка дэманструе прыкметы «пераахаладжэння». Сярод іх ён назваў запаволенне інвестыцый і пагаршэнне сітуацыі на рынку працы.
Паводле падлікаў Get Experts, летась 25% расійскіх кампаній скарацілі супрацоўнікаў з-за фінансавых цяжкасцяў. Металургічныя заводы былі вымушаныя звольніць каля 3 тысяч чалавек пасля абвалу попыту на сталь, а некалькі буйных прадпрыемстваў, уключаючы Магнітагорскі металургічны камбінат, сталі стратнымі.
Да 20% супрацоўнікаў звольніў Сбербанк, яшчэ 13 банкаў скарацілі да 40% персаналу. У 2026 годзе хвалю звальненняў запусціў «Яндэкс»; каля 2 тысяч работнікаў адправіў на вуліцу «КамАЗ», які летась атрымаў рэкордную страту ў 43 млрд рублёў.