У Беларусі забаранілі чыпсы з фіялетавай бульбы
1- 5.06.2026, 15:29
Іх вырабляюць у Кітаі.
У Беларусі трапілі пад забарону кітайскія фіялетавыя чыпсы, якія ўключылі ў Рэестр небяспечнай прадукцыі Дзяржстандарта.
Забарона закранула чыпсы з фіялетавай бульбы Cuixiaoman кітайскай кампаніі-вытворцы Zhengzhou Letu Food.
Праверка ўстанавіла неадпаведнасці патрабаванням тэхнічных рэгламентаў па бяспецы і маркіроўцы. У складзе знайшлі заяўленую ў маркіроўцы недапушчальную харчовую дабаўку — кансервант прапіёнавая кіслата (E280). Акрамя таго, беларускія спецыялісты выявілі харчовыя дабаўкі «лімонна-жоўты» і «закатна-жоўты», найменняў якіх няма ў пераліку харчовых дабавак, дазволеных для прымянення пры вытворчасці харчовай прадукцыі.

Таксама ў маркіроўцы вытворца не пазначыў тэхналагічнае прызначэнне шэрагу харчовых дабавак, у тым ліку гідракарбанату натрыю, аспартама, прапіёнавай кіслаты, «лімонна-жоўтай», «закатна-жоўтай».
Вытворца павінен устараніць парушэнні, а на чыпсы ўводзіцца забарона на ўвоз і абарот.
