Узброеныя сілы Украіны заблакавалі для РФ яшчэ адзін «сухапутны мост» у Крым
5- 6.06.2026, 17:17
- 11,670
Акупанты былі вымушаныя абмежаваць рух па важнай трасе ў Луганскай вобласці.
Назначаныя Масквой улады акупаванай Луганскай вобласці абмежавалі рух грамадзянскага транспарту па трасе Р-280 «Наварасія» і ўчастку дарогі Р-150, піша «Крым рэаліі» са спасылкай на ўказ «кіраўніка» «ЛНР» Леаніда Пасечніка. З 6 чэрвеня забаронены як рэгулярныя, так і нерэгулярныя пасажырскія перавозкі на ўчастках трас Р-150 Белгарад — Старабельск — Луганск — Данецк — Марыупаль і Р-280 «Наварасія» Растоў-на-Доне — Марыупаль — Мелітопаль — Сімферопаль. Абмежаванні ўведзены «з-за ўзброенай агрэсіі ЗСУ» і будуць дзейнічаць да «асаблівага распараджэння».

Таксама забаронены перавозкі арганізаваных груп дзяцей на аўтамабілях па тэрыторыі «ЛНР». Выключэнне робіцца для мерапрыемстваў, якія праводзіць міністэрства адукацыі рэгіёна. Акрамя таго, прыпыняецца рух усіх прыгарадных цягнікоў; «мінтранс» «ЛНР» будзе ўсталёўваць выключэнні. Улады не сталі забараняць унутраныя аўтобусныя зносіны, але дапусцілі карэкціроўку часткі маршрутаў і заклікалі людзей па магчымасці пазбягаць паездак па трасах Р-150 і «Наварасія», якая лічыцца «сухапутным мостам» з РФ у Крым працягласцю больш за 630 км. Раней пра абмежаванне руху на ўчастку гэтай магістралі абвясцілі акупацыйныя ўлады захопленай часткі Херсонскай вобласці.
Указ «губернатара» Уладзіміра Сальда прадугледжваў забарону для грузавога транспарту рухацца па адрэзку з 463-га па 494-ы км трасы Р-280. Выключэнне было зроблена для ваенных грузаў, лекаў і паліва, тэхнікі «для аднаўлення інфраструктуры», а таксама часткі прадуктаў і тавараў першай неабходнасці.
У апошнія тыдні ўлады, мясцовыя жыхары і Z-блогеры рэгулярна паведамляюць пра ўдары ўкраінскіх дронаў сярэдняй далёкасці па ваенных грузах, якія ідуць па сухапутным шляху ў Крым. У выніку на паўвостраве і астатніх акупаваных тэрыторыях узнік востры паліўны крызіс, а таксама пачаў развівацца дэфіцыт прадуктаў у крамах.