9 чэрвеня 2026, aўторак, 3:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларуска выйшла замуж за лонданскага мільянера, старэйшага за яе на 41 год

29
Беларуска выйшла замуж за лонданскага мільянера, старэйшага за яе на 41 год

Ёй удалося адсудзіць мільёны.

Алена Рудзік і Аляксандр Кляйн пазнаёміліся ў Іерусаліме на Каляды 2001 года. Яму было 68, ёй — 27.

Праз два гады беларуска выйшла замуж за брытанскага мільянера, пакінула Ізраіль і пераехала ў Лондан. Калі ў 2020 годзе ён памёр ва ўзросце 87 гадоў, яго маёмасць ацэньвалі больш як у £9 мільёнаў фунтаў ($12 мільёнаў па бягучым курсе). Жанчыне паводле запавету дасталася 300 тысяч фунтаў ($400 тысяч па бягучым курсе) — «з тым разуменнем, што яна не будзе прэтэндаваць на спадчыну», піша nashaniva.com.

Праз пяць гадоў судовых войнаў Вышэйшы суд Англіі прызнаў гэта неразумным і прысудзіў удаве сямейны дом без іпатэкі і амаль 1,9 мільёна фунтаў (каля $2,5 мільёна) зверху — з перспектывай атрымаць 40% усёй маёмасці.

Мужчына з Венгрыі і дзяўчына з Беларусі

Аляксандр Кляйн нарадзіўся 25 сакавіка 1933 года ў Венгрыі. У Лондан трапіў падлеткам, у 15–16 гадоў — пакаленне венгерскіх яўрэяў, чыё дзяцінства прыпала на Халакост. У Вялікабрытаніі ён пабудаваў буйны бізнес на нерухомасці: дзясяткі дамоў і кватэр, аформленых праз васямнаццаць кампаній.

Алена Рудзік нарадзілася 2 лютага 1974 года ў Беларусі. На момант знаёмства яна жыла і працавала ў Іерусаліме. Кляйн — на 41 год старэйшы, ужо двойчы жанаты — угаворваў яе пакінуць Ізраіль і пераехаць да яго ў Лондан, аплачваючы гатэль і арэнду кватэры. У студзені 2003 года яна пераехала, у маі яны абручыліся, а 18 верасня 2003 года пажаніліся ў Іерусаліме. Навіны Беларусі

«З умовай не прэтэндаваць» — гэта быў яго почырк

Незадоўга да шлюбу Кляйн даў Алене падпісаць дакумент, які цалкам пазбаўляў яе правоў на любыя прэтэнзіі да яго маёмасці. Юрыста ў яе не было, а яе англійскай, як пазней адзначыў суд, не хапала, каб зразумець напісанае: яна толькі ў маі 2003 года пайшла на курсы для пачаткоўцаў і амаль не хадзіла на іх — рыхтавалася да вяселля.

Гэтая фармулёўка была невыпадковай. За два гады да таго, у лістападзе 2001 года, Кляйн на сустрэчы з юрыстам казаў, што разводзіцца з першай жонкай Яэль і хоча скараціць ёй спадчыну да 10 тысяч фунтаў — з той жа ўмовай, што яна «не будзе прэтэндаваць». Шаблон паўтараўся ад жонкі да жонкі.

У шлюбе, паводле матэрыялаў справы, Кляйн адгаворваў Алену вучыцца і працаваць. Калі яна вывозіла сына на адпачынак або да дзядоў у Беларусь, муж патрабаваў падпісваць асобныя «пагадненні» — з датамі, кантактамі і парадкам справаздачнасці перад ім. У 2007 годзе ў іх нарадзіўся сын Элійят.

Беларусь пранізвае ўсю гісторыю. У 2011 годзе, калі шлюб трашчаў па швах, Кляйн — праз шэсць тыдняў пасля інфаркту — праз юрыстаў патрабаваў, каб маці Алены выехала з сямейнага дома, прапаноўваючы дачцэ на чатыры тыдні сваю кватэру каля Марбл-Арч. Бацька Алены пераедзе да яе ў Лондан пазней — пасля смерці яе маці. Навіны Беларусі

Запавет і сакратарка на паўстагоддзя

Паводле запавету 2011 года жонцы прызначалася 300 тысяч фунтаў, сыну — 100 тысяч фунтаў у трасце. А 90% усяго астатняга маёмасці Кляйн пакідаў дабрачыннаму трасту — яўрэйскім школам, ешывам і прыютам.

Асобная фігура — Сідлія Адлер, шматгадовая сакратарка і бізнес-партнёр Кляйна. Іхная сувязь, паводле суда, цягнулася з 1960-х. Яна атрымала 200 тысяч фунтаў і 10% рэшты, яе ж Кляйн прызначыў выканаўцай запавету. Алена, паводле яе слоў, разумела ад мужа, што Адлер — «проста сакратарка».

Бізнес Кляйн вёў нефармальна: дакументы складаў сам, без юрыстаў, але клікаў адваката ў якасці сведкі — таму што абодва з Адлер верылі, што подпіс адваката робіць паперу «афіцыйнай і законнай». На гэтых самаробных паперках пазней і разгарэцца галоўная бітва.

Дзе будуць жыць удава і дванаццацігадовы сын і за што жыць — запавет наогул не вызначаў. За пяць гадоў пасля смерці мужа Алена атрымала ад маёмасці адзіную выплату — 7500 фунтаў.

Пяцігадовая вайна

Першай перашкодай стала Адлер. Яна так вяла справы, што ў 2021 годзе суд адхіліў яе ад выканання запавету і прызначыў незалежную карпарацыю Cripps. Адлер абавязалі аплаціць 80% судовых выдаткаў удавы.

Калі да маёмасці дабраліся, аказалася, што з васямнаццаці кампаній частка выключана з рэестра, некаторыя «валодаюць» нерухомасцю, якой у іх няма, а з рахункаў зніклі сотні тысяч фунтаў. Адлер, паводле суда, выводзіла грошы з кампаній без паўнамоцтваў.

А ў лістападзе 2023 года яна пайшла ва-банк: падала асобны пазоў, заяўляючы, што акцыі кампаній насамрэч належалі ёй, а не Кляйну. Стаўкі былі велізарныя — калі б суд пагадзіўся, маёмасць абвалілася б з прыкладна 8 мільёнаў фунтаў да 1,4 мільёна фунтаў, і спадчына практычна знікла б. Спрачальныя долі ацэньвалі ў 2,5 мільёна фунтаў.

Пазоў дайшоў да паўнавартаснага разбіральніцтва і ў кастрычніку 2024 года быў адхілены. Пазіцыю Адлер ахарактарызавалі як «абуральную» і «цынічнае выкарыстанне суда». Сама ж адміністраванне маёмасці настолькі зацягнулася, што суддзя Уільямс параўнаў справу з «Халодным домам» Дыкенса — бясконцай цяганінай, якая пагражае з'есці ўсю спадчыну.

Рашэнне

7 сакавіка 2025 года суддзя Уільямс прызнаў, што запавет не забяспечыў удаву разумна.

Дашлюбныя пагадненні суд адхіліў: без юрыдычнай дапамогі, пры нераўнавазе бакоў і недастатковай англійскай яны не маюць вагі. Хаця Кляйн нажыў стан яшчэ да шлюбу, амаль 17‑гадовы шлюб, выхаванне сына і вядзенне дома пераважылі.

Алене прысудзілі сямейны дом у раёне Хендэн на поўначы Лондана без іпатэкі (каля £1 мільёна) і аднаразовую суму £1 864 089 — на бягучыя патрэбы, капіталізаваны даход і ўтрыманне сына. Разам — каля £2,86 мільёна як абсалютны мінімум. Калі ж маёмасць удасца ацаніць больш як у £7,16 мільёна, удава атрымае 40% усёй чыстай вартасці. Выдаткі на працэс ускладзены на Адлер і будуць спаганяцца з яе долі ў спадчыне.

Грошы Алене выплацяць часткамі: рэальная вартасць маёмасці дагэтуль не вызначана, а кампаніі яшчэ павінны быць распрададзены. Пакуль гэтага не адбудзецца, ніхто з пералічаных у запавеце — ні сваякі, ні дабрачынныя фонды — нічога не атрымае.

Напісаць каментар 29

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках