«Лукашэнка апынуўся на шпагат»
2- 10.07.2026, 7:47
- 3,996
Офіс прэзідэнта Украіны распавёў пра складаную сітуацыю для беларускага дыктатара.
Лукашэнка апынуўся «на шпагат» паміж патрабаваннямі Пуціна і наступствамі больш глыбокага ўцягвання ў вайну. Пра гэта заявіў намеснік кіраўніка Офіса прэзідэнта Украіны Сяргей Кісліца.
Журналіст выдання «РБК-Украіна» спытаў у Кісліцы, ці меў Кіеў апошнім часам кантакты з Беларуссю, бо пра гэта казаў як сам Лукашэнка, так і прэс-сакратар Крамля Дзмітрый Пяскоў, а Уладзімір Зяленскі узгадваў пра пасланне, перададзенае праз «сяброў Крамля».
«Беларусь у складанай сітуацыі. А ў нас ёсць магчымасці перадачы сігналаў. Вы ж бачыце, што быў вельмі моцны сігнал наконт рэтранслятараў. Потым былі двухдзённыя перамовы Лукашэнкі з Пуціным. Я так разумею, што калі не ўсе, то большасць рэтранслятараў былі дэактываваныя. Для Лукашэнкі ўсё гэта смерці падобна. Ён апынуўся на шпагат: з аднаго боку, яму складаней супрацьстаяць патрабаванням Пуціна, а з другога — ён дакладна разумее маштабныя наступствы больш глыбокага ўцягвання ў агрэсію супраць Украіны», — сказаў Кісліца.
Намеснік кіраўніка Офіса ўкраінскага прэзідэнта адзначыў, што гэта складаная сітуацыя для самога Лукашэнкі.
«Гэта вельмі складаная для беларускага дыктатара сітуацыя. І яшчэ больш — для беларускага народа, які, на жаль, стаў закладнікам трох дзесяцігоддзяў недэмакратычнага развіцця Беларусі», — дадаў намеснік кіраўніка Офіса прэзідэнта.
Нагадаем, 19 чэрвеня Зяленскі даў уладам Беларусі тыдзень на тое, каб прыбраць рэтранслятары, дзякуючы якім карэктаваліся маршруты расійскіх дронаў, — інакш, папярэдзіў ён, «гэта зробім мы».
Ужо 24 чэрвеня прэзідэнт Украіны са спасылкай на даныя ЗСУ і выведкі заявіў, што рэтранслятары на тэрыторыі Беларусі больш не функцыянуюць.