Чым запомніўся амерыканскі сенатар Ліндсі Грэм
3- 12.07.2026, 16:34
Ён быў адным з сімвалаў амерыканскай падтрымкі Украіны.
Памерлы амерыканскі сенатар Ліндсі Грэм быў адным з самых актыўных і рашучых прыхільнікаў Украіны ў Вашынгтоне.
Рэспубліканец рэгулярна выступаў за ўзмацненне вайсковай падтрымкі Кіева, пераконваючы, што дапамога Украіне — не выдатак, а стратэгічная перавага для ЗША. У той жа час у Расіі яго лічылі «экстрэмістам».
«Украіна — гэта перавага для ЗША»
Падчас візіту ў Кіеў за некалькі дзён да сваёй раптоўнай смерці Ліндсі Грэм заявіў, што саюз з Украінай — вялікая выгода для Злучаных Штатаў. Паводле яго слоў, гэтаму спрыяюць тры ключавыя фактары: супрацоўніцтва ў галіне крытычна важных рэсурсаў, украінскія ваенныя тэхналогіі і будучае аднаўленне краіны.
«Калі хто-небудзь спытае вас, ці з'яўляецца саюз з Украінай цяжарам або перавагай для Злучаных Штатаў… Я лічу, што саюз з Украінай — гэта велізарная перавага для Злучаных Штатаў», — заявіў сенатар.
Менавіта Грэм з'яўляецца адным з аўтараў жорсткіх санкцыйных ініцыятыў супраць РФ. Ён падтрымлівае законапраекты, якія павінны абмежаваць даходы Расіі ад экспарту энерганосьбітаў, а таксама заклікае Кітай, Індыю і іншых партнёраў Масквы спыніць падтрымліваць расійскую эканоміку праз закупкі нафты і газу.
Чаму ў Расіі Грэма лічаць ворагам
З-за актыўнай падтрымкі Украіны Ліндсі Грэм стаў адным з самых ненавісных амерыканскіх палітыкаў для расійскай прапаганды. У маі 2025 года сенатар звярнуўся да грамадзян РФ, заклікаўшы іх звярнуць увагу на наступствы палітыкі Крамля. Ён заявіў, што Пуцін вядзе Расію да ізаляцыі праз вайну супраць Украіны, вялікія страты сярод вайскоўцаў і эканамічныя праблемы.
- Расійскаму народу: Пуцін вядзе вас у бездань. Дзесяткі тысяч забітых і параненых расійскіх вайскоўцаў. Эканоміка, меншая за эканоміку Італіі, адчувае яшчэ большы ціск. Расія ізаляваная, як ніколі, — заявіў Грэм.
Таксама расійская прапаганда распаўсюджвала змантаванае відэа пра Грэма, дзе ён нібыта сказаў, што смерць расіян — выгаднае ўкладанне. У адказ расійскія ўлады ўзбудзілі супраць сенатара крымінальную справу, абвясцілі яго ў вышук, а ягонае імя ўнеслі ў спіс асоб, якіх Расфінманіторынг лічыць датычнымі да тэрарыстычнай і экстрэмісцкай дзейнасці.
Расійскія чыноўнікі і прапагандысты рэгулярна атакоўвалі Грэма асабістымі абразамі. У прыватнасці, намеснік старшыні Савета бяспекі РФ Дзмітрый Мядзведзеў называў амерыканскага сенатара «русафобам і рэптылоідам» — і гэта яшчэ самыя мяккія выказванні.
За некалькі дзён да смерці Грэм заяўляў, што летам 2026 года трэба ўзмацніць ціск на Пуціна. Ён спадзяваўся скараціць колькасць пакупнікоў расійскіх энерганосьбітаў.