Экс-дырэктар добрушскага завода праз два гады апынуўся на волі і на новай пасадзе
3- 13.07.2026, 15:44
- 2,546
Раней яго асудзілі за хабарніцтва на дзевяць гадоў.
Былы дырэктар Добрушскага фарфоравага завода, асуджаны за карупцыю, усплыў на новай пасадзе ў Віцебскай вобласці. Аляксандр Вінакураў — поўны цёзка экс-дырэктара добрушскай фабрыкі, стаў дырэктарам сельгаспрадпрыемства ААТ «Нікалаеўскі» Мёрскага раёна, піша «Флагшток».
У 2023 годзе ГУБАЗіК гучна затрымаў Вінакурава і яго роднага брата па справе аб атрыманні хабару ў асабліва буйным памеры. У 2024 годзе іх асудзілі, а экс-дырэктара прысудзілі да 9 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з пазбаўленнем права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў, тэрмінам на 5 гадоў.
Але не мінула і двух гадоў, як Вінакураў апынуўся на волі і на новай пасадзе. Чаму — невядома. «Флагшток» знайшоў паведамленне Гомельскага абласнога суда пра прысуд добрушскаму дырэктару: тады паведамлялася, што прысуд не ўступіў у законную сілу і мог быць абскарджаны. Магчыма, так і адбылося, і абвінавачаным скарацілі тэрмін — пра вынікі абскарджання суд не паведамляў.
Так ці інакш, Вінакураў выйшаў на волю і стаў кіраваць гаспадаркай, у якую прынёс «зэкаўскія парадкі», сцвярджае віцебскае медыя: на Вінакурава паступілі скаргі, работнікі расказалі пра ціск і прыніжэнні.
Звесткі пра Вінакурава пазначаныя на сайце райвыканкама як кіраўніка ААТ «Нікалаеўскі», а журналісты знайшлі яго і на фатаграфіі з чэрвеньскага пасяджэння ў райвыканкаме, пазнаўшы таго самага экс-дырэктара Добрушскага фарфоравага завода.