Беларускія вёскі застаюцца без крамаў
- 13.07.2026, 17:12
- 1,112
Ім няма замены.
Крамы становяцца буйнейшымі, палова іх плошчаў прыпадае на Мінск. Аднак у дэпрэсіўных рэгіёнах выміранне дробнага гандлю не замяняецца з’яўленнем шопінг-молаў. Пра гэта піша выданне Thinktanks.by.
На канец 2025 года, паводле дадзеных Белстата, у краіне налічвалася 65,2 тыс. рознічных гандлёвых аб’ектаў. Іх колькасць змяншаецца ўжо два гады запар: мінус 1,5 тысячы адзінак з 2023 года.
Асабліва актыўна закрываюцца палаткі і кіёскі — іх колькасць скарацілася на 12,5%.
Аднак агульная гандлёвая плошча крамаў расце (плюс 66 тыс. квадратных метраў за два гады). То бок шопінг-аб’екты становяцца буйнейшыя.
Выключэннем з’яўляецца Віцебская вобласць, у якой за два гады не толькі закрыліся 427 крамаў і кіёскаў, але і скарацілася агульная гандлёвая плошча — на 11,5 тыс. квадратаў. Тое самае адбываецца ў вясковай мясцовасці па ўсёй краіне — закрываюцца крамы, а таксама змяншаецца агульная плошча: мінус 23,9 тыс. квадратных метраў.
Палова ўсёй гандлёвай плошчы краіны (324,7 тыс. квадратных метраў) знаходзіцца ў Мінску, дзе за два гады крамаў стала менш на 74 аб’екты, аднак агульная плошча ўзрасла.
Меншае не толькі колькасць крамаў, але і людзей
У сярэднім на тысячу чалавек насельніцтва ў Беларусі прыпадае 716 квадратных метраў у гандлёвых аб’ектах. Пры гэтым найвышэйшая канцэнтрацыя — у Мінску (748 м²), найменшая гандлёвая даступнасць — у Гомельскай вобласці — 673 м².
У ўсіх рэгіёнах плошча на душу насельніцтва практычна штогод прырастае, з невялікімі ваганнямі. Выключэннем стаў 2022 год, калі пачатак ваенных дзеянняў ва Украіне ўдарыў па галіне.
Рынкі сыходзяць у мінулае
Колькасць рынкаў у Беларусі ў апошняе дзесяцігоддзе штогод скарачаецца — на канец 2025 года іх засталося 341. У той жа час расце колькасць гандлёвых цэнтраў, якая дасягнула 600 аб’ектаў.
Чвэрць беларускіх рэстаранаў — у Мінску
На канец 2025 года ў краіне налічвалася 16,7 тыс. аб’ектаў грамадскага харчавання. Іх колькасць штогод расце цягам апошняга дзесяцігоддзя.
Чвэртая частка ўсіх рэстаранаў і кафэ краіны знаходзіцца ў Мінску (4,6 тыс. аб’ектаў). Мінская вобласць лідзіруе сярод рэгіёнаў (2,6 тыс.). Адстае ад астатніх Магілёўшчына, дзе знаходзіцца ўсяго 1,7 тыс. аб’ектаў грамадскага харчавання.
Рэстараны ў вясковай мясцовасці таксама прадстаўлены пераважна ў Мінскай вобласці — іх тут утрая больш, чым на Магілёўшчыне: 1141 супраць 355.