«Лукашэнка жыве ў страху і пастаянна гаворыць пра адно і тое ж»
4- 14.07.2026, 7:40
- 5,908
Дыктатар баіцца за сваё жыццё.
Аналітык Сяргей Чалы расказаў пра адносіны Пуціна і Лукашэнкі.
— Судзячы па ўсім, адносіны ў Лукашэнкі і Пуціна цяпер не вельмі добрыя — ні адзін, ні другі не пажадалі расказваць, што рабілі на Валдаі два дні, — кажа Чалы ў інтэрв'ю DW. Беларусь.
Цалкам магчыма, мяркуе аналітык, што размова з боку Лукашэнкі была, у тым ліку, у такім ключы:
— Маўляў, паглядзі, Уладзя, вайна, якая ідзе такім чынам, шкодзіць не толькі тваёй эканоміцы, але і маёй. І чым далей, тым горш. Трэба з гэтым нешта рабіць.
Апошняя сустрэча адрозніваецца ад папярэдніх і тым, што раней Пуцін і Лукашэнка сумесна агучвалі аргументы Лукашэнкі кшталту: «Нам жа ваяваць нельга, мы ж нічога не можам» і «і вы ж не хочаце, калі мы ўступім у вайну, каб у вас з'явілася 1,5 тысячы кіламетраў новага фронту».
У дадзеным выпадку яны не зрабілі ніякіх заяў. Увогуле, не ведаю, што з ім рабілі (з Лукашэнкам — заўв.), можа, нейкім чынам катавалі, што ён потым быў вымушаны паляцець да дзядзькі Сі (Сі Цзіньпіну — заўв.).
Ён ляцеў не толькі на выпускны да сына. Мы ж ведаем, што, паводле даных амерыканскіх дыпламатаў, Сі Цзіньпін рэгулярна на пытанне Пуціна, ці магчыма эскалацыя канфлікту шляхам ужывання ядзернай зброі, адказваў «не».
Цяпер Пуцін разглядае варыянт эскалацыі канфлікту, таму што тое, як ён ідзе, не працуе. І любы сцэнар эскалацыі прадугледжвае ўдзел Беларусі: гэта або выкарыстанне тактычнай ядзернай зброі, або вайна жывой сілай і тэхнікай, або гібрыдная вайна з краінамі НАТА.
Любы сцэнар, з майго пункту гледжання, прадугледжвае ўдзел Беларусі. І, хутчэй за ўсё, гаворка ішла пра гэта, і вакол гэтага адбываюцца асноўныя спрэчкі. Пакуль незразумела, як Лукашэнка трымаецца.
Пры гэтым Чалы лічыць, што Лукашэнка не спрабуе дыстанцыявацца ад Расіі.
Ён рэгулярна любіць уключаць сваю старую шарманку, калі яму кепска: маўляў, «ратуйце мяне ад злога Пуціна», «трэба мяне тэрмінова ад яго адклейваць», тады як менавіта ён да Пуціна і прыляпіўся.
— Але, нагадаю, у нас уся эканоміка туды пераарыентаваная. Усё, што колькі-небудзь прадаецца, прадаецца або ў Расію, або праз Расію. Іншых варыянтаў няма.
У прынцыпе, калі Лукашэнка выказваецца пра гэтую вайну, ён яе не асуджае, а кажа, што яна нам не патрэбная і было б добра яе спыніць, — але пад гэтым «спыніць» ён насамрэч разумее абсалютна расійскае заканчэнне вайны. То бок, калі Украіна здасца, тады яна і скончыцца.
Пры гэтым, калі Лукашэнка ўбачыць, што Зяленскі перамагае, ён узначаліць антыпуцінскую кааліцыю, лічыць Чалы.
Паводле меркавання аналітыка, аслабленая Масква для Лукашэнкі — і дрэнна, і добра.
— Эканамічна аслабленне Расіі яму зусім нявыгаднае, а палітычна — так, бо дасць магчымасць саскочыць з гэтага кручка. Сэнс у тым, што цяпер мы бачым сітуацыю, калі добрых выхадаў няма.
Незалежна ад таго, як сітуацыя будзе развівацца, для Лукашэнкі яна будзе пагаршацца. Гэта натуральны вынік таго, што калісьці ён зайшоў не ў тыя дзверы.
Але больш за ўсё цяпер баяцца эскалацыі сілавікі, дадае Сяргей Чалы.
— Звярніце ўвагу, хто заклікаў беларусаў не ездзіць у Расію, бо гэта небяспечна. Старшыня Савета бяспекі Вольфовіч. Чалавек, які пастаўлены назіраць за комплекснай праверкай баяздольнасці беларускай арміі.
Думаю, ён не жывіць ніякіх ілюзій наконт небаяздольнасці беларускай арміі. Таму ўсе сілавікі баяцца эскалацыі і любога ўцягнення ў вайну яшчэ больш, чым Лукашэнка, які баіцца за сябе.
Але тое, што Лукашэнка цяпер жыве ў стане страху (прычым фізічнага), — гэта абсалютна дакладна. Бо калі мы паглядзім на яго выказванні — яны ўсе пра тое, што трэба хавацца.