15 лiпеня 2026, Серада, 21:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Голас «скрыпкі беларускай»: сёння спаўняецца 150 гадоў з дня нараджэння Алаізы Пашкевіч

Голас «скрыпкі беларускай»: сёння спаўняецца 150 гадоў з дня нараджэння Алаізы Пашкевіч
Калаж: budzma.org

Паэтка, вядомая пад псеўданімам Цётка, унесла неацэнны ўклад у нашу культуру і літаратуру.

Сёння спаўняецца 150 гадоў з дня нараджэння паэткі і грамадскай дзяячкі Алаізы Пашкевіч, больш вядомай пад літаратурным псеўданімам Цётка. Яна належыць да пакалення беларускіх дзеячаў апошняй чвэрці XIX – пачатку XX стагоддзя, якія ўнеслі неацэнны ўклад у айчынную культуру і літаратуру.

Нарадзілася Алаіза Сцяпанаўна 15 ліпеня 1876 года ў фальварку Песчын (цяпер Шчучынскі раён Гродзенскай вобласці) у шматдзетнай шляхецкай сям’і. Яна атрымала добрую хатнюю адукацыю і ў 1894 годзе паступіла ў Віленскае прыватнае вучылішча В. Празоравай. Скончыўшы шэсць класаў, Алаіза пачала выкладаць.

У 1902 годзе яна паехала ў Санкт-Пецярбург, дзе вучылася на Вышэйшых курсах П. Ф. Лесгафта. Там рыхтавалі выхавальніц і кіраўніц фізічнага выхавання. У 1904 годзе Пашкевіч экстэрнам здала іспыты за поўны курс Аляксандраўскай жаночай гімназіі. Пасля вяртання ў Вільню Алаіза працавала фельчарам у бальніцы.

Падчас рэвалюцыі 1905–1907 гадоў Пашкевіч цалкам прысвяціла сябе грамадскай дзейнасці, арганізоўвала рабочыя гурткі, выступала з прамовамі па-беларуску на сходах і мітынгах, пісала вольналюбівыя вершы. У маі 1905 года была абраная ад віленскіх работніц дэлегатам з’езда жанчын у Маскве. Каб пазбегнуць арышту, напрыканцы 1905 года яна эмігравала ў Галічыну. Пазней, жывучы ў Львове, стала вольнай слухачкай філасофскага аддзялення Львоўскага ўніверсітэта.

У 1906 годзе ў Жоўкве (недалёка ад Львова) выдала зборнікі сваіх вершаў «Хрэст на свабоду» і «Скрыпка беларуская», у якіх была выкарыстана паэтыка фальклорных твораў і народнапесенная сімволіка (вобразы музыкі, скрыпкі, дудкі). У тым жа годзе ў Санкт-Пецярбургу пабачыла свет яе кніга «Першае чытанне для дзетак беларусаў», куды ўвайшлі апавяданні, загадкі, прыказкі і прымаўкі, прызначаныя для юных чытачоў.

У 1908–1909 гадах Алаіза Пашкевіч жыла ў Кракаве, вучылася на гуманітарным факультэце Ягелонскага ўніверсітэта. Каб атрымаць навуковую ступень, яна напісала працу «Батлейкі на Беларусі і іх сувязь з польскай драматычнай літаратурай», затым — брашуру «Праграма для збірання матэрыялаў аб батлейках на Беларусі». Пэўны час Пашкевіч правяла ў Закопане (Польшча), дзе праходзіла курс лячэння ад туберкулёзу, пазней падарожнічала па Італіі.

У 1911 годзе паэтка вярнулася на радзіму, вяла актыўную грамадска-асветніцкую дзейнасць. Разам з тэатрам Ігната Буйніцкага яна ездзіла па ўсёй Беларусі і ўдзельнічала ў спектаклях, а таксама рэдагавала часопіс для дзяцей і моладзі «Лучынка».

Падчас Першай сусветнай вайны Алаіза Пашкевіч працавала сястрой міласэрнасці, удзельнічала ў стварэнні дзіцячых прытулкаў, выкладала педагогіку, гігіену і іншыя прадметы на беларускіх настаўніцкіх курсах.

У студзені 1916 года памёр яе бацька. Прыехаўшы на пахаванне, паэтка прыняла рашэнне застацца ў родных мясцінах, каб аказваць медыцынскую дапамогу землякам, якія паміралі ад эпідэміі тыфу. Але, ратуючы іншых, яна сама захварэла і памерла ў лютым 1916 года.

Літаратурная дзейнасць Алаізы Пашкевіч сведчыць пра тое, што яна была яскравай і таленавітай асобай. Пісаць Алаіза пачала ў 1902 годзе пад уплывам творчасці Францішка Багушэвіча, выкарыстоўвала розныя псеўданімы: Цётка, Матэй Крапіўка, Гаўрыла з Полацка і інш. Да ранніх вершаў адносяцца «Лета» і «Восень», што датуюцца 1902–1903 гадамі і ўпершыню былі надрукаваныя ў зборніку «Скрыпка беларуская». Пашкевіч удалося ў іх майстэрска перадаць асобныя моманты вясковага побыту, апісаць летнія гульні і восеньскі кірмаш. У «Каляднай пісанцы на 1904 год» і «Велікоднай пісанцы» былі надрукаваныя вершы Цёткі «Мужыцкая доля», «Мужык не змяніўся», «Нямаш, але будзе», «Музыкант беларускі», напоўненыя спачуваннем да цяжкага лёсу селяніна.

Творы 1905–1907 гадоў адрозніваюцца публіцыстычнай вострасцю, рэвалюцыйным пафасам, аратарацкімі інтанацыямі, метафарычнасцю і алегарычнасцю.

Асобным перыядам у літаратурнай дзейнасці Алаізы Пашкевіч былі 1908–1914 гады. Сярод вершаў, напісаных у гэты час, можна вылучыць: «З чужыны», «Грайка», «На магіле», «На чужой старонцы», «Арлы-брацця, дайце скрыдлы», «Сірацінка», «Вясковым кабетам», «Гаданне». У іх пераважаюць матывы грамадзянскага смутку і тугі па радзіме.

Цётка таксама спрабавала сябе і ў прозе. У яе творах апісваюцца цяжкае вясковае жыццё («Навагодні ліст»), настроі студэнцкай моладзі («Зялёнка»), нялёгкі лёс дзяцей («Міхаська») і інш. Асобную частку творчасці складаюць падарожныя нататкі і нарысы, напісаныя пад уражаннем ад паездак у Італію, Фінляндыю, Швецыю і Германію.

Літаратурная спадчына Алаізы Пашкевіч — яскравая старонка ў гісторыі беларускай культуры. Яе самабытны талент адзначыў Янка Купала, які прысвяціў ёй верш «Аўтарцы «Скрыпкі беларускай»». Творы Цёткі перакладзены на рускую, украінскую, польскую, нямецкую і іншыя мовы. Яе вобраз увасоблены ў вершах, аповесцях, раманах, жывапісе, скульптуры і кіно. Помнікі ў гонар Пашкевіч усталяваныя ў Шчучыне, гарадскім пасёлку Астрына, у Мінску адкрыта мемарыяльная дошка. Яе імем названыя Астрынская сярэдняя школа, Шчучынская раённая бібліятэка, мінская бібліятэка № 15, вуліцы ў Мінску, Лідзе, Маладзечне, Шчучыне.

І ў наш час яскравая зорка таленту Алаізы Пашкевіч працягвае ззяць, нагадваючы пра каштоўнасць беларускага слова, мужнасць і бясконцую любоў да роднай зямлі. Яе творы па-ранейшаму знаходзяць водгук у сэрцах беларусаў, а неўміручая «скрыпка» працягвае гучаць чыстым, самабытным і глыбокім народным напевам.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках