Крымскі мост пад прыцэлам
3- 17.07.2026, 10:24
- 1,682
Украінскія ўдары ператвараюць Крым у «ахілесаву пяту» Расіі.
Крым застаецца ключавым плацдармам Расіі са часу анексіі ўкраінскага паўвострава ў 2014 годзе. Аднак цяпер яго пазіцыі робяцца ўсё больш хісткімі.
Як піша The Economist, поўная ізаляцыя паўвострава дала б Украіне важкія аргументы на любых будучых перамовах. Украінскія аперацыі з выкарыстаннем дронаў, накіраваныя на стратэгічныя аб’екты інфраструктуры Крыму, ужо даюць адчувальны эфект.
Выданне адзначае, што ўдары беспілотнікаў накіраваныя не толькі на інфраструктурныя аб’екты, але і на аўтамабільныя, чыгуначныя і марскія маршруты, якія злучаюць паўвостраў з мацярыковай Расіяй. Паводле звестак маніторынгавай арганізацыі ACLED, з 692 атак, зафіксаваных з 2022 года, больш за палову прыпала на апошнія 12 месяцаў.
Керчанскі (Крымскі) мост, які злучае паўвостраў з Расіяй, застаецца адной з відавочных мэт для Украіны — з-за гэтага перавозка праз яго небяспечных грузаў, у прыватнасці паліва, стала занадта рызыкоўнай. Рух цяжкагрузнага транспарту па мосце цалкам забаронены. Марскія зносіны таксама парушаныя.
The Economist нагадвае, што Чарнаморскаму флоту РФ, які традыцыйна базаваўся ў Севастопалі, давялося перайсці ў больш аддаленыя порты. Акрамя таго, 13 ліпеня Расія спыніла суднаходства праз Азоўскае мора — найважнейшы водны маршрут, праз які праходзіць чвэрць расійскага экспарту збожжа. Ужо на наступны дзень Украіна паведаміла пра ўдары па 11 суднах за адну ноч.
У выданні таксама адзначаюць, што расійскія войскі ў Крыме пакуль маюць запасы паліва і харчавання, аднак іх папаўненне цяпер адбываецца павольней. Мясцовым жыхарам даводзіцца рабіць запасы прадуктаў доўгатэрміновага захоўвання і начамі гадзінамі стаяць у чэргах па бензін.
Атакі ўкраінскіх дронаў не абмяжоўваюцца Крымам. У чэрвені ACLED зафіксавала больш за 100 удараў углыб расійскай тэрыторыі. Расійскія ўлады заявілі, што 13 ліпеня нібыта збілі 926 беспілотнікаў, аднак відэа ў сацсетках сведчаць, што як мінімум частка з іх усё ж дасягнула мэт.
The Economist падкрэслівае, што ўдары па нафтаперапрацоўчых заводах і сетках размеркавання паліва б’юць па экспартных даходах Расіі і правакаваюць дэфіцыт паліва ў краіне. Такіх доўгіх чаргаў на запраўках расіяне не бачылі з часоў апошніх дзён існавання СССР.
Выданне таксама адзначае, што Расія ўпершыню за доўгі час пачала губляць тэрыторыі. Пры гэтым з лютага 2022 года па 13 ліпеня 2026 года страты загінулымі сярод расійскіх вайскоўцаў склалі ад 367 000 да 602 000 чалавек — гэта 1–2% даваеннага мужчынскага насельніцтва краіны прызыўнога ўзросту.