«Адысэя» Крыстафера Нолана ўстанавіла рэкорд
6- 19.07.2026, 11:17
- 5,248
Гэта найпапулярнейшы фільм 2026 года.
Новы фільм Крыстафера Нолана «Адысэя» сабраў 17,6 млн долараў на папярэдніх паказах. Гэта найлепшы вынік 2026 года, піша Variety.
Да «Адысэі» лідарам збораў на папярэдніх паказах была «Гісторыя цацак 5», якая зарабіла 17,5 млн долараў. Фільм Нолана «Опэнгаймер» 2023 года, які атрымаў «Оскар», на папярэдніх паказах сабраў 10,5 млн.
Сусветная прэм’ера «Адысэі» адбылася 17 ліпеня. Паводле ацэнак, фільм збярэ 90–100 млн долараў у першыя выходныя, што стане найбуйнейшым стартам для Нолана з часоў карціны «Цёмны рыцар: Адраджэнне».
Калі зборы «Адысэі» перасягнуць 100 млн долараў, яна стане трэцім фільмам у гэтым годзе, які дасягнуў такога выніку ў першы ўік-энд. Для параўнання, «Опэнгаймер» у першыя выходныя зарабіў 82 млн долараў.
«Адысэя» — першы ў гісторыі кінематаграфа фільм, цалкам зняты на камеры IMAX. Праект крытыкуюць за акцёрскі склад, касцюмы і неадпаведнасць гістарычным фактам. Нягледзячы на гэта, ён атрымаў даволі высокія ацэнкі крытыкаў і рэйтынг 96% на агрэгатары рэцэнзій Rotten Tomatoes.