Reuters: Крэмль апынуўся ў складанай сітуацыі
7- 22.07.2026, 7:47
- 4,778
Пасля таго як дроны атакавалі адзін з найбуйнейшых складоў Wildberries у Расіі.
Расійскі аналаг Amazon, інтэрнэт-крама Wildberries, і прадаўцы, якія гандлююць праз яе, панеслі страты з-за украінскіх атак на склады, што належаць гэтаму рытэйлеру. Пра гэта паведамілі ў Крамлі, перадае Reuters.
Выданне нагадала, што ў суботу беспілотнікі нанеслі ўдары па двух буйных лагістычных хабах у Катаўску і Электрасталі. У выніку гэтых удараў загінулі восем супрацоўнікаў, ўзспыхнулі пажары і была парушаная работа найбуйнейшай расійскай інтэрнэт-крамы, здольнай апрацоўваць больш за 20 млн замоваў у дзень.
«Хоць маштабы шкоды пакуль застаюцца нявызначанымі, атакі на кампанію, якая адыгрывае такую важную ролю ў спажывецкай эканоміцы, сведчаць пра пашырэнне стратэгіі Кіева па выкарыстанні дронаў далёкага радыусу дзеяння для падрыву ваенных намаганняў Расіі і ціску на Крэмль з мэтай заключэння міру», — падкрэслівае Reuters.
У той жа час прэс-сакратар Крамля Дзмітрый Пяскоў заявіў, што сітуацыя складаная з-за страт, панесеных самай кампаніяй і прадстаўнікамі малога і сярэдняга бізнесу. Таксама ён абверг абвінавачанні з боку Украіны ў тым, што Wildberries займаецца пастаўкамі ваеннага рыштунку.


«Wildberries» пачынала як інтэрнэт-крама, што перапрадавала адзенне з еўрапейскіх каталогаў. Пазней кампанія пашырыла асартымент тавараў і ператварылася ў гандлёвую платформу, у якую ўваходзяць староннія прадаўцы. «Wildberries» не каментавала маштабы нанесенай шкоды», — дадалі ў матэрыяле.
Reuters піша, што любое працяглае парушэнне працы «Wildberries», хутчэй за ўсё, адчуюць многія людзі па ўсёй Расійскай Федэрацыі. Маючы больш за 1 млн прадаўцоў, кампанія з’яўляецца адной з галоўных рухаючых сіл імклівага пераходу да анлайн-гандлю ў маштабах усёй краіны.
У сваю чаргу, паводле інфармацыі мясцовых Telegram-каналаў, відавочцы чулі 20–30 выбухаў, а сірэну ўключылі ўжо пасля інцыдэнту «на дзве хвіліны, а потым выключылі».
Таксама паведамляецца, што супрацоўнікаў лагістычнага цэнтра эвакуявалі пасля серыі выбухаў.