23 лiпеня 2026, Чацвер, 10:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Першая за год сустрэча Лаўрова з Рубіо доўжылася ўсяго 35 хвілін

6
Першая за год сустрэча Лаўрова з Рубіо доўжылася ўсяго 35 хвілін

Сталі вядомыя першыя падрабязнасці.

Кіраўнік МЗС Расіі Сяргей Лаўроў і дзяржсакратар ЗША Марка Рубіо правялі першую з верасня мінулага года вочную сустрэчу на палях саміту АСЕАН у Маніле. Перамовы доўжыліся ўсяго 35 хвілін, паведамляе «Інтэрфакс». З расійскага боку на іх прысутнічалі намеснік кіраўніка МЗС РФ Андрэй Рудэнка і дырэктар дэпартамента знешнепалітычнага планавання Аляксей Драбінін, а таксама пастаянны прадстаўнік прэзідэнта РФ пры АСЕАН Яўген Загайнаў. З амерыканскага — намеснік дзяржсакратара па палітычных справах Элісан Хукер і спецпасланнік прэзідэнта ЗША Серджыо Гор.

Перад сустрэчай Лаўроў заявіў, што перамовы будуць прысвечаныя Украіне і дамоўленасцям Анкарыджа, якія, як сцвярджаў Крэмль, былі дасягнутыя Уладзімірам Пуціным і Дональдам Трампам. «Мы зыходзім з таго, што прынамсі пакуль нашы амерыканскія калегі не адказалі адмовай ад сваіх жа прапаноў, якія прагучалі і якія цяпер ужо ўсім добра вядомыя», — сказаў Лаўроў. Рубіо таксама паведаміў, што на сустрэчы плануе абмеркаваць вайну ва Украіне. «Мы лічым, што для Расіі было б добра, калі б вайна скончылася, таму мы ўздымем гэтае пытанне», — адзначыў кіраўнік Дзярждэпартамента. Ён дадаў, што канфлікт перашкаджае Вашынгтону і Маскве «знайсці пункты судакранання па іншых пытаннях».

На перамовах з Рубіо Лаўроў мог прытрымлівацца больш жорсткай пазіцыі Крэмля, які, паводле звестак крыніц Bloomberg у Маскве, вырашыў адмовіцца ад ідэі «абмену тэрыторыямі» з Кіевам. Як сцвярджалі суразмоўцы агенцтва, Пуцін больш не мае намеру вяртаць Кіеву ўчасткі Сумскай і Харкаўскай абласцей і збіраецца захаваць іх пад сваім кантролем як «буферную зону».

Пры гэтым крыніцы Bloomberg удакладнілі, што Пуцін па-ранейшаму верыць у магчымасць захопу ўсяго Данбаса да канца бягучага года. У той жа час суразмоўцы агенцтва ў Мінбароны РФ назвалі такія тэрміны занадта аптымістычнымі і палічылі больш рэальным завяршэнне вайны толькі ў 2027 годзе.

Да гэтага Лаўроў абвінаваціў ЗША ў парушэнні дамоўленасцяў Анкарыджа, а таксама падкрэсліваў, што Масква не збіраецца спыняць вайну на цяперашняй лініі фронту. Ён таксама не выключаў, што сустрэча Пуціна і Трампа на Алясцы была падманам, які ў выніку абярнуўся дадатковымі пастаўкамі зброі Украіне. Акрамя таго, Лаўроў сцвярджаў, што ў Маскве больш не лічаць ЗША «аб’ектыўным пасрэднікам» і бачаць узмацненне санкцыйнага ціску на Расію.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках