У Грузіі другі раз запар адбыўся маштабны блэкаўт
1- 25.07.2026, 14:19
У Тбілісі спыніўся метрапалітэн.
У Грузіі раніцай у суботу, 25 ліпеня, другі дзень запар зафіксавалі маштабны блэкаўт: без святла засталіся Тбілісі і іншыя ключавыя рэгіёны краіны, а праца транспартнай і камунальнай інфраструктуры аказалася часткова паралізаваная.
Пра гэта паведамляюць «Навіны Грузіі».
Збой у нацыянальнай энергасістэме адбыўся каля 08:00 па мясцовым часе.
На гэты момант вядома, што адключэнні закранулі сталіцу, а таксама гарады Батумі, Кутаісі і шэраг іншых населеных пунктаў.
У Тбілісі была прыпыненая праца метрапалітэна, узніклі праблемы з рухам цягнікоў, з-за прыпынення насосных станцый пачаліся перабоі з водазабеспячэннем. Таксама паведамляецца пра нестабільную працу мабільнага інтэрнэту.
Працэс аднаўлення электразабеспячэння ўжо пачаўся – у асобных раёнах Тбілісі святло з’явілася праз паўгадзіны пасля збою.
Гэты блэкаўт адбыўся менш чым праз 30 гадзін пасля папярэдняй буйной аварыі, якая пакінула Грузію без электраэнергіі ў ноч на 24 ліпеня. Тады аднаўленне электрасеткі заняло амаль усю ноч.
Дзяржаўная электрасетка Грузіі (GSE) пакуль не называе прычыны абодвух блэкаўтаў. У кампаніі толькі адзначылі, што паралельна з ліквідацыяй наступстваў працягваюцца работы па высвятленні прычын збою, а падрабязнасці абнародзяць пазней.