27 лiпеня 2026, панядзелак, 12:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Гомелі перанялі «ноу-хау» з Расіі

1
У Гомелі перанялі «ноу-хау» з Расіі

Пры будаўніцтве дамоў усталёўваюць боксы для кандыцыянераў.

Пры будаўніцтве новых дамоў у Гомелі пашыраюць практыку ўстаноўкі боксаў для кандыцыянераў на фасадзе. Адзін з прыкладаў — шматпавярхоўкі на вуліцы Касарэва, на якія звярнулі ўвагу «Сильные Новости».

Навацыю пракаментавалі ў сацсетках мясцовыя спецыялісты і адзначылі, што яна не зробіць мантаж тэхнікі прасцейшым для жыхароў — наадварот:

«Кошыкі размешчаныя ў максімальна нязручных месцах, што вядзе да падаражання мантажу кандыцыянера і яго далейшага абслугоўвання. І такая сітуацыя ва ўсіх дамах па горадзе, дзе прадугледжаныя такія «паляпшэнні». Вонкавы выгляд — так, але для ўладальніка кватэры — не».

Спецыялісты патлумачылі, што звычайныя мантажнікі не дацягнуцца да боксаў, таму і для ўстаноўкі, і для абслугоўвання кандыцыянера давядзецца заказваць паслугі прамысловага альпініста.

Судзячы па дзяржаўных закупках, дамы на вуліцы Касарэва ўзводзіў Гомельскі домабудаўнічы камбінат, а самае «ноу-хау» перанялі з Расіі, адзначылі ў каментарыях.

Там таксама даўно крытыкуюць гэтую навацыю і наглядна тлумачаць, чым яна абарочваецца на практыцы: жыхары ўсталёўваюць кандыцыянеры проста пад вокнамі, а боксы застаюцца пустымі.

Пад адным з відэа патлумачылі:

«Ёсць такое паняцце — стандартны мантаж: вонкавы блок пад акно. На відэа — устаноўка ў кошык з альпіністам, кошт павялічваецца на суму паслугі. І далей любыя дзеянні з вонкавым блокам — дазапраўка, чыстка — заўсёды спатрэбіцца альпініст».

З такім меркаваннем пагадзіліся і дадалі:

«Танней паставіць пад акно, бо кошыкі стаяць у месцы, недаступным з акна. Альпіністы і аўтавышкі каштуюць процьму грошай, і для абслугоўвання таксама зноў за доступ давядзецца аддаваць купу грошай, а пад акном або збоку ад акна ў даступным месцы ўсталёўваць лягчэй і танней, і можна лёгка абслугоўваць кліматычную тэхніку».

У Беларусі для ўстаноўкі кандыцыянера неабходна атрымліваць узгадненне ў мясцовым ЖКГ. Таму жыхароў дамоў з боксамі могуць абавязаць ставіць кандыцыянеры толькі ў кошыкі.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках