Роўна столькі каштавала мая пуцёўка ў Шарм-эш-Шэйх на 11 начэй па сістэме «ўсё ўключана»
2- 29.07.2026, 11:06
- 2,222
Беларуска падлічыла, у колькі абышлася паездка на Viva Braslav на дваіх.
Паездка на музычны фестываль Viva Braslav абышлася беларусцы ў 3320 рублёў на дваіх. Сваімі падлікамі яна падзялілася на старонцы ў сацсетцы Threads, піша «Зеркало».
Блогерка распавяла, што квіткі абышліся ў 1500 рублёў, матрац для аўтамабіля Lixiang, у якім яна начавала, каштаваў яшчэ 600 рублёў, на ежу і выпіўку пара патраціла каля 870 рублёў, і яшчэ 350 рублёў — бензін.
«Усяго: 3320 рублёў. Вось вам і цэны за «галёрку», дакладна не бюджэтная паездка», — напісала карыстальніца Threads tanyashcerbakova.
Пост беларускай сабраў больш за 190 тысяч праглядаў і звыш трох сотняў каментарыяў. Некаторых удзельнікаў дыскусіі такі кошт адпачынку на музычным фестывалі здзівіў.
«870 рублёў на дваіх за ежу на два дні? Вы дакладна ў Браславе былі?» — пацікавіўся vlad_cherk.
«Роўна 3300 беларускіх рублёў каштавала мая пуцёўка ў Шарм-эш-Шэйх на 11 начэй па сістэме «ўсё ўключана» з вылетам з Мінска… Я люблю Беларусь, але не настолькі», — падзяліўся nsevko.
«Амаль 1000 еўра. Мы за 1300 еўра на траіх з'ездзілі ў Албанію на тыдзень. Аб'ехалі ўсе крутыя пляжы! Аўтобус Мінск — Варшава — 210 еўра. Квіткі Варшава — Албанія на траіх — 227 еўра. Арэнда аўто на сем дзён — 260 еўра. Гасцявы дом з уласнай кухняй і ваннай на сем дзён са сняданкамі на траіх — 235 еўра. Ежа на траіх на сем дзён — каля 350 еўра. Штодзень піва, віскі, крэветкі, садавіна, самі гатавалі абед і вячэру, яшчэ і ў рэстаран адзін раз захадзілі — узялі сібас дзве порцыі з гарнірам, піцу, порцыю крэветак, сок і па 100 г віскі з колай», — распавяла kvasha___katsiaryna.
«У нас ёсць Турцыя на 31 ліпеня з Мінска за 1200 еўра на дваіх. Навошта вам Браслаў?!» — далучылася да абмеркавання siesta_travel.
Частка карыстальнікаў падзялілася сваімі выдаткамі на Viva Braslav.
Так, для marykotava4 паездка на фестываль абышлася ў 540 рублёў. З гэтай сумы 216 рублёў каштаваў квіток, 100 рублёў — кемпінг і 110 рублёў — бензін, яшчэ 114 рублёў — іншыя выдаткі.
Карыстальнік m_tkachev уклаўся ў 1510 рублёў. Сюды ўвайшлі 500 рублёў за квіткі на дваіх, 250 рублёў абышоўся матрац у Deepal, 600 рублёў — ежа, 100 рублёў — сеанс лазні, 60 рублёў — зарадка аўто.
admiralpetro уклаўся ў 730 рублёў на дваіх. З іх 400 рублёў каштавалі квіткі.
А вось apoletai патраціла 2060 рублёў на дваіх. З іх 420 рублёў каштавалі квіткі, 600 рублёў давялося выкласці за арэнду аўтадома, 200 рублёў — за бензін, 300 рублёў — за ежу, 150 рублёў — за крэслы, пасуду для кемпінгу, дажджавікі, яшчэ 390 рублёў — іншыя выдаткі.
Viva Braslav прайшоў 24−26 ліпеня. Сярод хэдлайнераў фестывалю Viva Braslav былі беларусы LYRIQ і «Давай на ты». Астатнія артысты з Расіі — Дзіма Білан, Мот, Ваня Дзмітрыенка, «Камната культуры».