Японія пакінула РФ без авіяпаліва
1- 7.07.2026, 16:26
- 1,810
Краіна не дазваляе яго пастаўкі ні наўпрост, ні праз пасярэднікаў.
Спробы расійскіх уладаў пачаць імпарт паліва на фоне маштабнага дэфіцыту сутыкнуліся са супрацьдзеяннем Японіі. Краіна не дазваляе яго пастаўкі ні наўпрост, ні праз пасярэднікаў, заявіў у аўторак міністр эканомікі, гандлю і прамысловасці Рёсэй Акадзава. Пра гэта піша The Moscow Times.
Расія рыхтавалася імпартаваць партыю авіякерасіну з японскага порта Тіба, паведаміў Reuters на мінулым тыдні са спасылкай на траіх людзей, знаёмых з сітуацыяй. Меркавалася, што як мінімум 200 тысяч барэляў будуць накіраваныя ў першай палове ліпеня спачатку ў Паўднёвую Карэю, а потым праз ланцужок пасярэднікаў — у Расію. Але Акадзава заявіў: забарона на экспарт у Расію распаўсюджваецца і на пастаўкі праз трэція краіны, і на перагрузку паліва ў моры.
Японія, дзейнічаючы ў каардынацыі з «вялікай сямёркай» і іншымі прадстаўнікамі міжнароднай супольнасці, у межах санкцый супраць Расіі ўвяла забарону на экспарт у яе шэрагу тавараў, «і авіяцыйнае паліва таксама падпадае пад гэтую забарону», незалежна ад таго, якім чынам яно дастаўляецца, сказаў міністр.
Паводле слоў Акадзавы, яго міністэрства прымае меры па прадухіленні абыходу санкцый, паведамляючы прадстаўнікам прамысловасці, накіроўваючы папярэджанні і абменьваючыся інфармацыяй як з мясцовымі, так і з замежнымі органамі ўлады:
- Мы і надалей будзем ажыццяўляць строгі экспартны кантроль у супрацоўніцтве з іншымі краінамі, улічваючы пры гэтым міжнародную абстаноўку.
Урад Расіі з чэрвеня забараніў экспарт авіякерасіну з-за ўкраінскіх удараў, пад якія цяпер ужо трапілі ўсе 10 найбуйнейшых нафтаперапрацоўчых заводаў. Нягледзячы на забарону, з-за дэфіцыту аптовыя цэны на авіяпаліва ў мінулым месяцы падскочылі да рэкордных узроўняў. «Ідзе гаворка пра практычна поўную адсутнасць прапановы», — апісваў крыніца «Коммерсанта» сітуацыю на таргах на Санкт-Пецярбургскай таварна-сыравіннай біржы.
Тады ж некаторыя буйныя аэрапорты, уключаючы Махачкалу, Мінеральныя Воды, Краснадар, Астрахань і Ніжні Ноўгарад, пачалі абмяжоўваць запраўку самалётаў. У канцы чэрвеня пра крытычную нястачу керасіну заявіла авіякампанія «Азімут» — адзін з найбуйнейшых перавозчыкаў на поўдні Расіі з базавым аэрапортам у Растове-на-Доне.
Акрамя авіяпаліва, у Расіі бракуе бензіну. Каб змагацца з яго дэфіцытам, улады павялічылі імпарт з Беларусі, папрасілі падтрымкі ў Казахстана (ён згадзіўся паставіць бензін толькі на паўдня спажывання як гуманітарную дапамогу) і пачалі закупкі ў Індыі.