8 лiпеня 2026, Серада, 22:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Парламенцкая асамблея АБСЕ прыняла жорсткую рэзалюцыю па Беларусі

4
Парламенцкая асамблея АБСЕ прыняла жорсткую рэзалюцыю па Беларусі

Лукашэнка — пагроза Еўропе.

Парламенцкая асамблея Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (ПА АБСЕ) на 33-й штогадовай сесіі ў Гаазе прыняла вялікую Гаагскую дэкларацыю аб бяспецы ў Еўропе і вайне ва Украіне, а таксама шэраг асобных дэкларацый, сярод якіх спецыяльная дэкларацыя па сітуацыі ў Беларусі.

У цэлым прынятыя рэзалюцыі дэманструюць па-ранейшаму жорсткую пазіцыю ў дачыненні да Расіі і яе агрэсіі супраць Украіны. Прыкметна, што ў рэзалюцыях штучны інтэлект называюць магчымай зброяй у кібервайне; падкрэсліваюць пагрозы для крытычнай інфраструктуры ў Еўропе; перасцерагаюць адносна «дэмакратычнага адкату» ў рэгіёне і анлайн-радыкалізацыі моладзі; прызнаюць крызіс з фінансаваннем самой АБСЕ і ўспрыманнем неабходнасці яе існавання.

У вялікай Гаагскай дэкларацыі Беларусь згадваецца некалькі разоў:

адзначаюць вызваленне часткі палітвязняў і дыпламатычныя намаганні, але выказваюць занепакоенасць працягваючыміся палітычнымі рэпрэсіямі. Заклікаюць спыніць усе адвольныя затрыманні і паважаць правы чалавека, а таксама рэкамендацыі, дадзеныя ў рамках так званага маскоўскага механізму;

заклікаюць узмацніць эканамічны, палітычны і дыпламатычны ціск на Расію, Беларусь і іншыя краіны, што падтрымліваюць Расію, каб «ізаляваць агрэсара» і супрацьдзейнічаць абыходу санкцый;

заклікаюць Беларусь спыніць падтрымку расійскай агрэсіі супраць Украіны, у тым ліку ваенную падтрымку і размяшчэнне расійскіх войскаў на сваёй тэрыторыі;

заклікаюць Беларусь выконваць міжнароднае права і свае міжнародныя абавязацельствы — спыніць пераслед актывістаў, журналістаў, моладзі і праваабаронцаў.

У асобнай рэзалюцыі па Беларусі:

заяўляюць, што пры рэжыме Аляксандра Лукашэнкі Беларусь «больш не з'яўляецца фактарам стабільнасці ў рэгіёне, а, наадварот, крыніцай пагроз рэгіянальнай бяспецы»;

адзначаюць, што рэжым Лукашэнкі працягвае выкарыстоўваць гібрыдныя інструменты ціску супраць дзяржаў АБСЕ — ад захопу самалёта Ryanair у 2021 годзе да штучна створанага міграцыйнага крызісу, запуску метэазондаў, кібератак і «іншых формаў дэстабілізацыі»;

называюць Беларусь «непасрэднай ваеннай пагрозай у рэгіёне», у тым ліку з-за адмовы ад бяз'ядзернага статусу, размяшчэння расійскіх войскаў і пашырэння ваенна-прамысловай вытворчасці для падтрымкі расійскай агрэсіі супраць Украіны;

адзначаюць удзел рэжыму Лукашэнкі ў незаконнай дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей;

нагадваюць пра масавыя і сістэмныя рэпрэсіі ў Беларусі пасля сфальсіфікаваных выбараў 2020 года і звяртаюць увагу на тое, што гэтыя рэпрэсіі набываюць менш прыкметныя формы — на фоне знішчэння незалежных СМІ, палітычных партый і грамадскіх арганізацый унутры краіны;

называюць «ротацыяй закладнікаў» практыку вызвалення адных палітвязняў і набору новых. Падкрэсліваюць неабходнасць поўнага і безумоўнага вызвалення ўсіх палітычных зняволеных без іх прымусовай высылкі за мяжу і без выкарыстання гэтага працэсу як інструмента палітычнага ціску або прадмета торгу;

заклікаюць дзяржавы АБСЕ ўзмацніць меры супраць транснацыянальных рэпрэсій, у тым ліку прадухіляць злоўжыванне міжнароднымі механізмамі, і забяспечыць належную абарону беларусаў за мяжой;

ацэньваюць колькасць тых, хто вымушаны быў пакінуць Беларусь з-за рэпрэсій, як не менш як 600 000 чалавек. Лічаць іх не звычайнымі мігрантамі, а асобнай групай, якая патрабуе спецыяльных прававых і гуманітарных рашэнняў. Заклікаюць распрацаваць і ўкараніць спецыяльныя прававыя і адміністрацыйныя рашэнні для беларусаў у выгнанні, у тым ліку па пытаннях доступу да дакументаў, прававога статусу і асноўных правоў.

«Устойлівае ўрэгуляванне крызісу ў Беларусі магчыма толькі праз спыненне рэпрэсій, правядзенне свабодных і справядлівых выбараў і забеспячэнне адказнасці за парушэнні міжнароднага права», — адзначаецца ў рэзалюцыі ПА АБСЕ.

«Беларусь пры цяперашнім рэжыме застаецца крыніцай пагроз рэгіянальнай бяспецы, што патрабуе скаардынаванага і паслядоўнага міжнароднага адказу», — гаворыцца ў заключным пункце рэзалюцыі ПА АБСЕ па Беларусі.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках