Уладзімір Някляеў з нагоды свайго юбілею напісаў жартоўны верш
- 9.07.2026, 19:27
Фота: svaboda.org
Вядомаму беларускаму паэту споўнілася 80 гадоў.
Вядомы беларускі паэт, празаік і грамадскі дзеяч Уладзімір Някляеў святкуе свой 80‑гадовы юбілей. У першую ж раніцу 81‑га года жыцця ён напісаў новы верш — «Некралог».
НЕКРАЛОГ
Пад гадамі, якія адмераў мне Бог,
Ціха-паціху падводзіцца рыса.
Хутка з’явіцца мой некралог –
Нікім не падпісаны.
Вось калі б я памёр да часоў Пазьняка,
Да Аляксандра Рыгоравіча прыхода,
Некралог падпісаў бы сакратар ЦК
І найлепшыя прадстаўнікі народа.
Падпісалі б пісьменнікі. Не маленькія нейкія –
Толькі тыя, хто ў званні... І вечным пяром
Падпісаў бы Сам
старшыня Саюза пісьменнікаў,
Калі б я сам не быў старшынём.
Тут праблема ўзнікала: магла быць няўвязка
З паведамленнем агенцыі ТАСС...
Але пазванілі з ЦК: “Калі ласка,
Не трэба спяшацца. Яшчэ вам не час”.
Культурна. Карэктна. Не ў форме загаду...
І ў сённяшнім часе, як і тады,
Удзячны я партыі і ўраду,
Што працягнулі мае гады.
Няхай гэты час быў далёка не лепшы,
Не ласкавы час, але ўсё ж з ласкі Бога
Дарэшты я ў ім дапісаў мае вершы –
Як змест і як подпіс майго некралога.
Уладзімір Някляеў
Уладзімір Пракопавіч Някляеў нарадзіўся 9 ліпеня 1946 года ў Смаргоні ў сям’і рускага бацькі і беларускай маці. Дзяцінства ён правёў у Крэве — старажытным мястэчку, якое ў інтэрв’ю сайту Charter97.org называў сваёй галоўнай крыніцай натхнення і «асабістым космасам».