СМІ: Пуцін рыхтуе «невялікае ўварванне» ў НАТА ў бліжэйшыя месяцы
3- 11.08.2026, 14:35
- 3,356
Названыя магчымыя напрамкі атакі.
Вайсковыя эксперты лічаць, што ўжо ў бліжэйшыя месяцы Расія можа нанесці ўдары па гарадах і населеных пунктах краін НАТА. Таксама адным з магчымых сцэнарыяў з’яўляецца сухапутнае ўварванне.
Расія можа паспрабаваць захапіць горад або частку тэрыторыі Польшчы ці ў адной з трох краін Балтыі. Пра гэта піша Express.
Былы брытанскі вайсковец Хэміш дэ Брэттан-Гордан дапусціў, што Расія можа ажыццявіць «невялікае ўварванне» ў Латвію або Эстонію.
Тым часам прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа нядаўна заявіў, што мае інфармацыю пра магчымыя ваенныя дзеянні Расіі супраць краін Балтыі. Паводле яго слоў, гаворка ідзе не пра маштабны напад, а пра прыцэльныя ўдары па крытычнай інфраструктуры.
Таксама ў мінулым месяцы ЗША папярэдзілі, што Крэмль рыхтуе ўзброенае ўварванне на тэрыторыю Польшчы. Паводле дадзеных амерыканцаў, расійскія войскі могуць перасекчы польскую мяжу, адначасова наносячы ўдары ракетамі і дронамі па аб’ектах крытычнай інфраструктуры.
Польскія эксперты ў галіне бяспекі таксама адзначалі, што Расія і Беларусь могуць перакінуць праз мяжу Польшчы невялікую колькасць вайскоўцаў. Падчас такога ўварвання акупанты могуць наносіць удары па электрастанцыях. На думку аналітыкаў, стратэгія Масквы грунтуецца на дапушчэнні, што ЗША прымусілі б Польшчу весці перамовы, а не ўступаць у ваеннае супрацьстаянне.
Старшая навуковая супрацоўніца Каралеўскага аб’яднанага інстытута абаронных даследаванняў Натыя Сескурыя лічыць, што, хутчэй за ўсё, Пуцін працягне ціснуць на краіны НАТА з дапамогай гібрыдных атак, якія не стануць дастатковай падставай для прымянення артыкула 5.
Паводле яе слоў, Расія ўжо выкарыстоўвае дыверсіі, парушэнні паветранай прасторы НАТА і кібератакі, каб праверыць рэакцыю Альянсу. Гэта таксама дазваляе Маскве вывучаць працу радараў, СПА і працэс прыняцця рашэнняў у НАТА, не правакаючы маштабнага ваеннага адказу.
Сескурыя лічыць: калі вайна ва Украіне будзе працягвацца без пэўнага завяршэння, Расія, верагодна, будзе ўзмацняць такія атакі. Такім чынам Масква будзе спрабаваць запалохаць краіны НАТА, выматваць іх грамадствы і аслабляць падтрымку Украіны.
Нагадаем, разведка ЗША папярэдзіла, што ужо гэтай восенню Расія можа напасці на адну з краін НАТА. Гэта можа быць або маштабная гібрыдная атака, або нават «абмежаванае» ўварванне.