Украіна нанесла ўдар «Фламінга» па касмічным цэнтры РФ у Самары
2- 15.08.2026, 11:28
- 1,586
Цэнтар «Прагрэс» выпускае ракеты для расійскага аналага Starlink.
Украінскія войскі ў ноч на 15 жніўня нанеслі ракетны ўдар па Самарскай вобласці Расіі, піша The Moscow Times. Пра гэта паведаміў губернатар Вячаслаў Федарышчаў. Мішэнню атакі стала «прамысловае прадпрыемства», — напісаў ён, не ўдакладняючы падрабязнасцей. Улады стварылі аператыўны штаб. Паводле даных мэра Самары Івана Носкава, у выніку ўдару прамысловая інфраструктура горада атрымала «лакальныя пашкоджанні». «Працую разам з кіраўніцтвам прадпрыемства і службамі хуткага рэагавання на месцы. Медыцынская дапамога пацярпелым аказаная», — заявіў ён. Мясцовыя жыхары паведамлялі пра пралёт ракет, магутныя выбухі, моцны пажар і густы чорны дым над месцам атакі, а таксама пра «запах гары» ў шэрагу раёнаў. Таксама ўлады пачалі адключаць мабільны інтэрнэт.
Паводле даных украінскіх маніторынгавых каналаў, пад атаку ўкраінскіх ракет «Фламінга» трапіў АО «Ракетна-касмічны цэнтр «Прагрэс», які вырабляе, у тым ліку, ракеты-носьбіты «Саюз-2.1б», задзейнічаныя ў вывадзе на арбіту апаратаў спадарожнікавага інтэрнэту «Рассвет», які пазіцыянуецца як аналаг Starlink ад Ілона Маска. Ён знаходзіцца ва ўсходняй частцы горада ў раёне вуліцы Зямца і праспекта Кірава, дзе пасля ўдару перакрылі рух. Astra, вывучыўшы кадры ад мясцовых жыхароў, пацвердзіла, што пажар разгарэўся ў раёне РКЦ «Прагрэс». Exilenova+ сцвярджае, што ўдар прыйшоўся «па галоўным цэху». Паводле дадзеных Supernova, у прадпрыемства трапілі дзве ракеты.

«Прагрэс» (уваходзіць у «Раскасмас») з'яўляецца адным з вядучых расійскіх прадпрыемстваў ракетна-касмічнай галіны, якое займаецца распрацоўкай і выпрабаваннямі ракет-носьбітаў серыі «Саюз-2» і касмічных апаратаў. Яно знаходзіцца ў санкцыйных спісах Еўрасаюза, ЗША, Канады, Вялікабрытаніі, Швейцарыі, Украіны, Новай Зеландыі і Японіі за ўдзел у распрацоўцы ракет і спадарожнікаў, якія выкарыстоўваюцца для агрэсіі супраць Украіны.
Побач з «Прагрэсам» у прамысловай зоне Самары таксама знаходзіцца авіяцыйны завод «Авіакор». Мяркуецца, што ЗСУ нанеслі ўдар і па ім. Гэта адно з найбуйнейшых расійскіх авіябудаўнічых прадпрыемстваў, якое збірае, рамантуе і абслугоўвае розныя тыпы паветраных суднаў, уключаючы ваенныя.